«Нас было трое!» Егіпецкая фехтавальніца выступіла на Алімпіядзе на сёмым месяцы цяжарнасці

І Гульні ў Парыжы сталі для яе найлепшымі ў кар'еры.

30.07.2024 / 17:11

Фота: інстаграм Нады Хафез

Егіпецкая фехтавальніца Нада Хафез выступіла на Алімпіядзе-2024 у Парыжы на сёмым месяцы цяжарнасці.

26-гадовая спартсменка ўдзельнічала ў турніры шаблістак. Яна стартавала з 1/16 фіналу, дзе змагла перамагчы дзясятага нумара сусветнага рэйтынгу амерыканку Элізабет Тартакоўскі — 15:13.

У чвэрцьфінал Хафез прабіцца не змагла — яна саступіла прадстаўніцы Паўднёвай Карэі Ха Еун Чон (7: 15) і пакінула турнір.

Пасля паядынку Нада паведаміла, што фехтавала, будучы на сёмым месяцы цяжарнасці.

«На дарожцы нас насамрэч было трое! Гэта была я, мой супернік і маё ненароджанае дзіця!» — напісала спартсменка ў інстаграме.

Яна расказала, што сумяшчаць спорт і цяжарнасць было вельмі цяжка, але ёй дапамагла падтрымка мужа і ўсёй сям'і. Нада адзначыла, што вырашыла выступіць на Алімпіядзе на сёмым месяцы, каб паказаць усяму свету сілу і ўпартасць егіпецкай жанчыны.

Гэтая Алімпіяда стала для егіпцянкі найлепшай у кар'еры — да гэтага ў Рыа-2016 і Токіа-2021 яна прайгравала ў першых жа паядынках.

Беларускі вясляр у адзін дзень з выхадам у алімпійскі паўфінал стаў бацькам

Пасля трох дзён спаборніцтваў на Алімпійскіх гульнях лідзіруюць японцы

Тынейджарка з Японіі стала алімпійскай чэмпіёнкай у 14 год. Прычым у якой дысцыпліне!

Nashaniva.com