Спявачка Ціна Караль праходзіць ваенную падрыхтоўку ў «Азове»

Артыстка апублікавала кадры з палігона.

04.08.2024 / 20:56

Ціна Караль праходзіць вайсковую падрыхтоўку. Фота тут і далей: інстаграм спявачкі 

Украінская спявачка Ціна Караль праходзіць ваенную падрыхтоўку. Яна адзначыла ў сацсетках, што знаходзіцца ў лагеры ваеннай падрыхтоўкі з ветэранамі «Азова». Там яна вучыцца базавым навыкам, якія патрэбныя для вайскоўцаў, паведамляе «Уніан».

Таксама спявачка паказала відэа, на якім бегае з іншымі вучнямі. Затым яна далучылася да гатоўкі страў палявой кухні і паказалася ў форме са зброяй.

Раней Ціна Караль распавядала, што навучылася трымаць зброю ў руках і страляць, а яшчэ прайшла курс па тактычнай медыцыне па пратаколе ASM MARCH. Цяпер артыстка ведае, як аказаць чалавеку першую медыцынскую дапамогу.

Пазней яна пракаментавала свой выбар пайсці на ваенныя вучэнні так:

«Я грамадзянка Украіны. Гэта мой выбар. Мой выбар Украіна ўжо вельмі даўно. Гэта не навіна. Хачу свядома разумець, што адбываецца, як дапамагчы людзям і сабе ў надзвычайнай сітуацыі. І мы жывем у вайне. Я вырашыла для сябе, што я павінна ведаць усё: гэта тактычная медыцына па пратаколе, абыходжанне са зброяй, практыка па стральбе, выкарыстанне радыёсувязі, інжынерная падрыхтоўка і баявое зладжванне».

Nashaniva.com