Алжырская баксёрка, якую раскрытыкавалі за наяўнасць мужчынскіх храмасом, паскардзілася на цкаванне
«Я прашу спыніць здзекі», — просіць Іман Хеліф.
05.08.2024 / 14:59
Іман Хеліф. Фота: John Locher / AP
Пасля некалькіх дзён абмеркавання скандалу, звязанага з жаночым боксам на Алімпійскіх гульнях, алжырская баксёрка Іман Хеліф вырашыла сама пракаментаваць сітуацыю, піша Bild.
«Я дасылаю паведамленне ўсім у свеце, каб яны трымаліся алімпійскіх прынцыпаў і Алімпійскай хартыі і спынілі цкаванне спартоўцаў, бо гэта мае наступствы, вялізныя наступствы. Гэта можа знішчыць людзей, зламаць іх дух. Я прашу спыніць здзекі», — сказала яна выданню SNTV.
Раней Хеліф праваліла гендарны тэст на чэмпіянаце свету па боксе, бо ў яе выявілі як X-храмасомы, так і Y-храмасомы, якія звычайна сустракаюцца толькі ў мужчын. Аднак на Алімпіядзе дзейнічаюць іншыя правілы, таму Хеліф мае права выступаць на спаборніцтвах.
Алжырка Іман Хеліф нарадзілася жанчынай і запісана ў пашпарце як жанчына. У Алжыры пры гэтым катэгарычна забаронены аперацыі па змене полу.
Па словах Хеліф, пасля скандалу з яе ўдзелам у Алімпійскіх гульнях яе трэнер забараніў ёй карыстацца сацыяльнымі сеткамі і чытаць навіны.
«Дай Бог, каб гэты крызіс завяршыўся залатым медалём. Гэта будзе найлепшым адказам. Пасля шуміхі ў СМІ і пасля перамогі была сумесь радасці і суму. Сапраўды кажучы, зусім нялёгка праходзіць праз такое. Гэта нешта, што топча чалавечую годнасць», — сказала спартоўка ў інтэрв'ю.
За гендарным скандалам на Алімпіядзе ў Парыжы стаіць Расія
ЗША выйшлі на першае месца ў медальным заліку Алімпіяды
Брытанскі вясляр стаў першым, хто заваяваў алімпійскія медалі ў мужчынскім і жаночым заліку. Як так?