Латушка патлумачыў, чаму апазіцыя падпісала пратакол аб лідарстве Ціханоўскай

Сябра Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка адрэагаваў на абвінавачанні, што дэмакратычныя сілы Беларусі, прызнаўшы на канферэнцыі «Новая Беларусь» Святлану Ціханоўскую нацыянальнай лідаркай да правядзення свабодных і сумленных выбараў у Беларусі ці яе асабістага рашэння скласці з сябе гэтыя паўнамоцтвы, нібыта «пабудавалі дыктатуру».

05.08.2024 / 23:21

Павел Латушка

Павел Латушка адзначыў як характэрны факт, што на гэтую навіну ў абвінаваўчым стылі «аднымі з першых адрэагавалі топ-прапагандысты рэжыму і некаторыя «незалежныя расійскія СМІ», накшталт Sota». А далей тлумачыць, што дэмакратычныя сілы насамрэч пабудавалі і навошта. І ці сапраўды ўсё так страшна, як гэта падаюць.

Па-першае, і «дыктатура», і «манархія», сцвярджае Латушка, прадугледжваюць валоданне рэальнай уладай, чаго ў беларускіх дэмакратычных сілаў відавочна няма ані блізка.

А таму гэта гісторыя не пра ўладу ў дэмсілах, а гісторыя барацьбы з рэжымам Лукашэнкі.

Для гэтай жа барацьбы, падкрэслівае палітык, патрэбная сістэмная альтэрнатыва і легітымнае лідарства, якое Латушка зноў такі заклікае не блытаць з рэальнай уладай. Неабходнасць жа наяўнасці гэтага лідарства звязаная ў тым ліку з міжнароднай падтрымкай і ўзроўнем рэпрэзентацыі беларусаў ды лабіравання падтрымкі іх барацьбы на міжнароднай арэне.

«Дык вось чым вышэйшы наш узровень — тым вышэйшая гэтая падтрымка. Адмаўляемся ад гэтага, адмаўляемся ад суб'ектнасці — і тады рэжым Лукашэнкі становіцца безальтэрнатыўным варыянтам, прызнаваць пачынаюць яго», — сцвярджае Латушка.

Лукашэнка акурат і прагне пазбавіцца ад альтэрнатывы, а таму гэта тое, чаго дэмакратычныя сілы не могуць дапусціць, калі хочуць яго перамагчы.

Прымаючы рашэнне аб падпісанні пратакола, было ўсведамленне, што гэта будзе ўспрынята неадназначна, але ёсць таксама і разуменне, што пытанне «кадэнцыі» Ціханоўскай будзе ключавым пунктам атакі прапаганды і лабістаў рэжыму для ліквідацыі створанай дэмсіламі сістэмы інстытутаў. Менавіта таму дэмакратычныя сілы і пайшлі на падпісанне пратакола менавіта ў такім не вельмі папулярным выглядзе,

«бо захаванне і ўмацаванне альтэрнатывы рэжыму, яе суб'ектнасці для нас важней зарабляння медыйных ачкоў. Рэжым Лукашэнкі павінен зразумець, што мы нікуды не дзенемся, альтэрнатыва яго рэжыму нікуды не дзенецца і не самараспусціцца, пакуль ён існуе. А свабодныя і сумленныя выбары — не сыдуць з парадку дня і нікуды не падзенуцца са спісу нашых патрабаванняў. І старонка не будзе перагорнутая, пакуль гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя».

Перамовы ж з рэжымам могуць, як сцвярджае Латушка, адбыцца на ўмовах вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення рэпрэсій і публічнай заявы Лукашэнкі аб тым, што ён не ідзе на выбары і пакідае пасаду кіраўніка УНС.

«У гэтым выпадку мы таксама гатовыя спыніць сваю палітычную дзейнасць за мяжой і вярнуцца да яе ўжо ў рамках свабоднага, сумленнага дэмакратычнага працэсу ўнутры краіны, у Беларусі», — падсумоўвае палітык.

Ціханоўская будзе мець статус нацыянальнага лідара Беларусі да моманту правядзення свабодных выбараў у краіне

Без Пазняка і Сахашчыка, з нервовымі дыскусіямі паміж Латушкам і Ягоравым. Як праходзіла канферэнцыя «Новая Беларусь»

На канферэнцыі «Новая Беларусь» прынялі «Платформу 2025»

Замест Сахашчыка ў Аб'яднаным пераходным кабінеце цяпер будзе Кабанчук

Латушка пракаментаваў прапанову рэжыму выдаць яго ў абмен на Пачобута

Лукашысты прапаноўвалі палякам у абмен на вызваленне Пачобута выдаць ім Латушку — былы міністр

«Чаму не спытае ў сябе: калі я езджу ў Германію і забіраю ўсе ўзнагароды, чаму не выйшаў на кантакт з немцамі?» Да каго звярнуўся Латушка?

Nashaniva.com