Польшча не збіраецца забараняць уезд машын з беларускімі нумарамі
Польскі ўрад не хоча, каб санкцыі білі па простых беларусах.
06.08.2024 / 12:10
Фота: Tochka.by
Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Анджэй Шэйна распавёў, што ўрад не збіраецца забараняць уезд машын з беларускімі нумарамі.
У эфіры PolskieRadio24 ён растлумачыў, што Польшча імкнецца прымяняць тыя санкцыі, якія не будуць біць па простых беларусах.
«Мы не будзем забараняць уезд асабістых аўтамабіляў беларусаў, хоць маглі б гэта зрабіць. Мы размяжоўваем рэжым і грамадства. Мы не хочам, каб санкцыі, якія павінны біць па рэжыме, ударылі па простых людзях. Упэўнены, большасць беларусаў хацелі б жыць у дэмакратычным, заходнім грамадстве», — выказаўся намеснік кіраўніка МЗС Польшчы.
Шэйна нагадаў, што выбары 2020 года не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю, яны былі прызнаныя сфальсіфікаванымі.
Намеснік міністра адзначыў, што ў Польшчы ёсць інструменты ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку магчымае ў крайнім выпадку закрыццё мяжы для тавараў.
Аўто з беларускай рэгістрацыяй могуць уязджаць у Польшчу ў выпадку, калі ў салоне знаходзіцца ўладальнік машыны. Латвія і Эстонія цалкам забаранілі ўезд аўто з беларускімі нумарамі (Рыга пры гэтым дапускае некаторыя выключэнні), з 16 жніўня аналагічная забарона запрацуе і ў Літве.
Раней міністр унутраных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі таксама казаў у размове з Паўлам Латушкам, што Польшча не плануе забараняць уезд беларускіх асабістых аўто.