Ілля Яшын: Беларускія палітвязні павінны былі стаць часткай здзелкі па абмене

«Абараняючы расійскіх палітзэкаў, мы павінны абараняць беларускіх. І патрабаваць, каб яны таксама траплялі ў абменныя спісы», — мяркуе расійскі палітык.

08.08.2024 / 09:09

Асуджаныя на 10 і 11 гадоў адпаведна Максім Знак і Марыя Калеснікава. Фота: Ramil Nasibulin/BelTA pool photo via AP, File

Вызвалены ў выніку абмену расійскі апазіцыянер Ілля Яшын мяркуе, што беларускія палітвязні павінны былі быць часткай здзелкі і атрымаць свабоду. Пра гэта ён заявіў 7 жніўня на сустрэчы са сваімі прыхільнікамі ў берлінскім Маўэрпарку. Выступ трансляваў тэлеканал «Дождж», а Reform.news занатаваў сказанае Яшыным пра беларускіх палітвязняў.

«Слухайце, вось я шчыра магу вам сказаць, што я вельмі асабіста перажываю тое, што адбываецца ў Беларусі… і ва Украіне, і ў Беларусі… бо абедзве гэтыя краіны мне не чужыя. Я вельмі люблю і Украіну, і Беларусь, шмат разоў там быў, у мяне сяброў шмат і… больш за тое, я ў Беларусі — вы будзеце смяяцца — нават пасядзець паспеў. Вось у гэтым знакамітым Акрэсціна, спецпрыёмніку. Я ўдзельнічаў у адной з акцый салідарнасці з беларускай апазіцыяй. З беларускім народам, нават не з апазіцыяй, з беларускім народам.

Я паспеў там пасядзець нешта там 10 ці 15 сутак, я бачыў гэта Акрэсціна знутры. І я вельмі добра разумею, у якіх умовах там людзі сядзяць. І я разумею, што, насамрэч, вось тое што ў Расіі адбываецца, гэта частка таго, з чым сутыкаюцца палітвязні ў Беларусі. Наколькі там душаць, зневажаюць людзей. Гэта проста жахліва. І Лукашэнка ў гэтым сэнсе абсалютна недамаўляльны. Ну вядома ж, што павінны былі быць і палітвязні часткай гэтай здзелкі, беларускія палітвязні.

І мы з вамі ўжо даўно не ведаем, што там адбываецца з Марыяй Калеснікавай, што адбываецца з Сяргеем Ціханоўскім. Што з гэтымі людзьмі. І мы з вамі павінны праяўляць салідарнасць, як мне здаецца. Гэта не чужая праблема, гэта не чужая бяда. Мы ўсе з вамі сёння ў гэтым сэнсе салідарныя. І рускія, і беларусы. Няма чужых палітвязняў. Гэта нашы агульныя людзі. Гэта агульная бяда. І абараняючы расійскіх палітзэкаў, мы павінны абараняць беларускіх палітзэкаў. І патрабаваць, каб яны таксама траплялі ў абменныя спісы.

Прасіць цывілізаваны свет ціснуць на Лукашэнку, каб там праходзілі амністыі, каб людзей выцягвалі з турмаў. Бо пра расійскіх палітвязняў мы хаця б ведаем, мы хаця б ведаем, што адбываецца… а што адбываецца ў засценках у Беларусі з мясцовымі палітвязнямі?

Ды мы нават не ведаем, ці жывы Ціханоўскі. Мы нават не ведаем, ці жывая Марыя Калеснікава. І тое што робіць гэты [кепскі чалавек] вусаты, гэта проста жахліва. Таму я хачу сёння проста выказаць салідарнасць з беларускімі палітвязнямі і сказаць: «Жыве Беларусь».

У Польшчы патлумачылі, чаму расійскага шпіёна Рубцова не абмянялі на Пачобута

Ці могуць дэмакратычныя сілы вызваліць палітвязняў праз сваю дыскрэдытацыю? Гэта ілюзія

Чаму Лосіка павінны былі вызваліць у абмен на расійскіх шпіёнаў і чаму гэта не адбылося

Латушка пракаментаваў прапанову рэжыму выдаць яго ў абмен на Пачобута

Nashaniva.com