Праваабаронцы: Пад новыя санкцыі Вялікабрытаніі трапілі начальнікі калоній, якія асабіста аказвалі ціск і збівалі палітвязняў

Пад санкцыі трапілі пяць чалавек.

09.08.2024 / 15:42

Фота: Вясна

Пад новыя санкцыі Вялікабрытаніі трапілі начальнікі калоній, якія асабіста аказвалі ціск і збівалі палітвязняў, піша «Вясна».

Паведамляецца, што пад новыя санкцыі Лондана патрапілі фізічныя асобы:

Аляксей Лазарэнка, начальнік ПК №15;

Асабіста збіваў асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі Арцёма Анішчука пасля пракурорскай праверкі.

Андрэй Пальчык, былы начальнік ПК №1;

Пальчык быў вядомы катаваннямі ў наваполацкай калоніі. Па яго загадзе вязняў збівалі, катавалі і ўтрымлівалі ў бесчалавечых умовах. Праваабаронцам вядомы выпадкі, калі ён асабіста прымаў у гэтым удзел.

Філіп Стурчанка, начальнік ПК №3;

Былы палітвязень распавядаў, як Філіп Стурчанка асабіста прыходзіў у камеру ШІЗА, каб збіваць палітвязняў. Менавіта ў гэтай калоніі памёрлі палітвязні Вадзім Храсько і Мікалай Клімовіч.

Дзяніс Таўсцянкоў, начальнік ПК №4.

У свой час Андрэй Шарэнда распавядаў, што адказным за чарговы ціск на Паліну з'яўляўся начальнік гомельскай калоніі, падпалкоўнік Дзяніс Таўсцянкоў.

Nashaniva.com