Сталі вядомыя падрабязнасці тэракта, які рыхтаваўся ў Вене на канцэрце Тэйлар Свіфт
Тэрарыст, які рыхтаваў атаку на канцэрце Тэйлар Свіфт у Вене, хацеў забіць як мага больш «няверных». Аднак для гэтага ён не збіраўся пранікаць на стадыён, а хацеў зладзіць «крывавую лазню» перад уваходам на мерапрыемства, дзе павінны былі сабрацца фанаты спявачкі.
11.08.2024 / 15:58
Як піша BILD са спасылкаю на Heute, 19-гадовы аўстрыец з паўночнамакедонскімі каранямі Беран А. захоўваў дома паляўнічыя нажы, мачэтэ, выбухоўку, дэтанатары, зброю, 21 000 еўра фальшывых грошай і рэчывы, падобныя на анабалічныя стэроіды.
А. прызнаўся ў задуманым злачынстве. Як высветлілі аўстрыйскія следчыя, за апошнія некалькі тыдняў ён паступова адаптаваў сваю знешнасць да тыповага аблічча тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы». Як паведамілі суседзі выданню Kurier, ён адгадаваў густую бараду зусім нядаўна.
Беран А. прысягнуў на вернасць ІД 7 ліпеня і апублікаваў адпаведную заяву ў Telegram.
Калі 25 ліпеня Беран А. звальняўся з працы на сталеліцейным заводзе, ён сказаў былым працадаўцам: «У мяне вялікія планы».
Перад звальненнем мужчына меў доступ у лабараторыю прадпрыемства, а значыць, верагодна, да хімікатаў, якія ён мог выкарыстоўваць для стварэння бомбы.
Па даных следства, Беран А. глядзеў прапагандысцкія ролікі тэрарыстычнай арганізацыі і вывучаў відэаінструкцыі па вырабе бомбаў.
Яго план быў забіць як мага больш «няверных». Аднак для гэтага ён не збіраўся пранікаць на стадыён, дзе павінен быў прайсці канцэрт, а хацеў зладзіць «крывавую лазню» перад уваходам на мерапрыемства, дзе павінны былі сабрацца фанаты спявачкі, якія не змаглі дастаць білет. Для гэтага ён меў намер выкарыстоўваць мачэтэ, нажы і бомбу.
Каб забяспечыць сабе доступ да стадыёна, А. захоўваў у сваім доме фальшывую «мігцелку» і сірэну. Як паведамляе Heute, ён збіраўся прыкінуцца паліцыянтам, заехаць у фанатаў на машыне, затым нанесці ўдары колюча-рэжучай зброяй, а пасля падарваць бомбу.
У Вене адмянілі ўсе канцэрты Тэйлар Свіфт пасля пагрозы арганізацыі тэракту