Што такога ўмеюць беларусы, чым можна скарыць свет? Адказ эканаміста Данейкі

Пра «схаваных чэмпіёнаў» у бізнэсе эканаміст Павел Данейка разважаў у ютуб-шоу «Мне таксама не падабаецца».

12.08.2024 / 14:47

Павел Данейка. Скрын відэа ютуб-шоу «Мне таксама не падабаецца»

Сярод галін, дзе беларусы канкурэнтаздольныя, Павел Данейка падкрэслівае ў першую чаргу ІТ.

«ІТ да гэтага крызісу займалі трэцяе месца па ўкладзе ў ВУП, апярэдзіўшы сельскую гаспадарку. Вось гэта ключавы прадукт», — кажа Данейка.

Ён згадвае такое паняцце, як «схаваныя чэмпіёны». Гэта кампаніі, якія дамінуюць на сусветным рынку ў вузкіх сегментах. У Беларусі, па яго словах, 35 такіх кампаній.

«Гэта ў прыборабудаванні бачна — тады фізічныя характарыстыкі прыбора маюць меншае значэнне, калі ёсць добрае праграмнае забеспячэнне. Добры прыклад — калі старыя прыборы УГД аснасцілі сучасным праграмным абсталяваннем і яны сталі працаваць лепш за новыя прыборы».

Сінтэз электронікі і праграмнага забеспячэння — тое, на што нам трэба рабіць стаўку, лічыць Данейка.

«Укараненне праграмнага забеспячэння ў розныя вытворчыя працэсы — ключавыя элементы змянення якасці. У нас ёсць адна абутковая кампанія, якая цяпер сусветны лідар у раскроі скуры. Гэта складаны працэс — кожная карова мае спецыфічную скуру, нельга загадзя зрабіць раскрой. Таму яны стварылі праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе аўтаматызаваць гэта».

Эканаміст адзначае таксама, што за мяжой паспяховыя беларускія будаўнічыя кампаніі.

«Будоўля — пастаянна хаос, і трэба прымаць рашэнні. Беларусы ўмеюць знаходзіць рашэнні самі», — тлумачыць ён прычыну.

Данейка разважае, што ў адсутнасці замежных інвестыцый у эканоміку таксама ёсць плюс — бізнэс сам шукае паспяховыя доўгатэрміновыя стратэгіі, а не бярэ гатовыя рашэнні.

«Напрыклад, калі трансфармаваць нашу дрэваапрацоўку, то гэта трэба рабіць на аснове нацыянальнага бізнэсу з мінімальным прыцягваннем замежных інвестыцый», — лічыць эканаміст.

Nashaniva.com