Што будзе з беларускімі сэкандамі пасля забароны Еўрасаюза на ўвоз адзення? Спыталі ў іх
Нядаўна Еўрасаюз прыняў новы пакет санкцый. Сярод іх — забарона на пастаўку з ЕС адзення, якое было ва ўжыванні. Ці паўплывае гэта на працу крам з сэканд-хэндам?
15.08.2024 / 19:50
Пад новыя санкцыі трапіў увоз у Беларусь сэканд-хэнду. Фота: інстаграм @modamaxbel
Чытачка «Нашай Нівы» як занепакоеная пакупніца звярнулася ў некалькі беларускіх сэканд-хэндаў.
У адной з найбуйнейшых сетак, якія гандлююць у Беларусі сэканд-хэндам, — «Эканом Сіці» — запэўнілі, што крамы працягнуць працаваць у звычайным рэжыме. Цяпер якраз паступае восеньскі асартымент. Прыкладна такі ж адказ далі ў іншай буйной сетцы крам — «Мода Макс».
У «Happy Hand» супакоілі, што ў іх нічога не зменіцца, новыя паступленні тавару будуць, і параілі глядзець графік завозу ў іх сацыяльных сетках.
У «Barashek family» сказалі, што выйсце ёсць заўсёды, а «завозы, канешне ж, будуць».
У «Best buy» адказалі, што ніяк не могуць пракаментаваць навіну пра санкцыі.
У «Двух янотах» былі стрыманыя ў прагнозах. Сказалі, што пакуль новыя паступленні плануюцца, а што будзе далей, пакажа час.
Адкуль возяць тавар буйныя сеткі сэканд-хэндаў? «Мода Макс» сцвярджае, што адзенне з Англіі. «Эканом Сіці» піша, што прадае «адзенне і абутак з Еўропы». Тое самае ў сеткі «Мегахэнд».
Сетка сталічных сэкандаў «Адзенне» сцвярджае на сайце: «Нашы пастаўшчыкі — гэта найбуйнейшыя фабрыкі па перапрацоўцы адзення, сабранага ў самых заможных краінах Еўропы — Нідэрландах, Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Італіі».
Партал Office Life, спасылаючыся на свае крыніцы ў рытэйле, піша, што
ўвесь тавар сэканд-хэнд, які сёння ўвозяць у Беларусь, незалежна ад краіны паходжання ідзе праз Еўрасаюз. Да 1 кастрычніка ён яшчэ будзе паступаць, бо ёсць пераходны перыяд і захоўваюцца раней падпісаныя кантракты. Што будзе далей — невядома. Уласнікі бізнэсу будуць імкнуцца захаваць бізнэс, аднак гатовых стратэгій на гэты конт пакуль няма.
Паводле экспертных ацэнак, доля тавараў сэканд-хэнд у агульным аб'ёме спажывання адзення складае каля 35%, піша БелТА. У розніцу іх прадавалі каля 2,8 тыс. гандлёвых аб'ектаў, у тым ліку інтэрнэт-крамы. Белстат палічыў, што кожны год у Беларусь увозіцца сэканду на суму каля $60—80 млн.
ЕС забараніў увоз у Беларусь сэканд-хэнду. МЗС пракаментавала
У польскім сэкандзе знайшлі мерч Лукашэнкі