«Нам з Пуціным нават нязручна пра гэта казаць». Лукашэнка расказаў, ці прыменіць ядзерную зброю
Расійскі прапагандыст спытаў сёння ў палітыка, ці гатовы той націснуць на чырвоную кнопку. Лукашэнка пусціўся ў доўгія развагі.
15.08.2024 / 15:39
Фота: прэс-служба Крамля
«Слухай, па-першае, я чуў абмеркаванне гэтых пытанняў. Я ўжо пра ядзерную зброю не кажу, але гэта ты ў мяне спытаў. Як Пуцін кажа: «Я не кажу — гэта ты спытаў». З нагоды ядзернай зброі: слухай, «чырвоныя кнопкі» ўжо вакол панаціскалі. Па перыметры Беларусі і Расіі ўжо панаціскалі «чырвоныя гэтыя кнопкі». Засталося толькі «самую чырвоную» націснуць.
Таму ў маральных адносінах, напэўна, нам з Пуціным, прымаючы такія рашэнні, так нават ужо неяк і нязручна пра гэта казаць», — заявіў Лукашэнка.
Пры гэтым ён назваў умову, у якой нібыта гатовы ўжыць ядзерную зброю.
«Калі тут з'явілася тактычная ядзерная зброя, я ім (апанентам за мяжой) прама сказаў (хоць яны там і кажуць: кепскі, прыменіць зброю): «Мы не збіраемся ніякай зброі ўжываць, пакуль вы не наступіце на нашу дзяржаўную мяжу. Яна ж — мяжа нашай Саюзнай дзяржавы», — адзначыў Лукашэнка.
Расійскія афіцыйныя асобы раней сцвярджалі, што кіраванне тактычнай ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі захоўвае Расія.