Ціманоўская прадае дарагое аўто, падоранае былым мужам
Бягуха Крысціна Ціманоўская збіраецца ў ЗША, таму пазбаўляецца ад многіх рэчаў. У тым ліку і ад дарагога падарунка, піша «Трыбуна».
16.08.2024 / 10:40
Машына, якую Ціманоўскай падарыў муж. Фота: інстаграм спартоўкі
Бягуха кажа, што плануе мінімум на паўгода затрымацца ў ЗША, прапусціць зімовы спаборніцкі сезон, а потым, магчыма, адабрацца на ЧС-2025 — хоць, як сказала спартсменка, у яе ўзнікаюць думкі скончыць кар’еру і адчуванне, што яна «занадта доўга ў спорце». Месцам жыцця ў ЗША Ціманоўская выбрала Фларыду, цёплы штат, дзе даўно аселі беларускія тэнісісткі Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка.
З нагоды пераезду Ціманоўская ладзіць татальны распродаж рэчаў. Самы дарагі лот ад Ціманоўскай — Audi A5. Бягуха хоча прадаць машыну 2019 года выпуску за 140 тысяч злотых — больш за 35 тысяч даляраў. Гэтую Audi ёй падарыў у ліпені 2023-га тады яшчэ муж Арсень Зданевіч на шасцігоддзе шлюбу. Ціманоўская называла аўто сваёй марай.
Аб'ява пра продаж Audi A5. Фота: сторыс інстаграма Ціманоўскай
Але неўзабаве Ціманоўская рассталася з мужам. Прычынай спартоўка назвала яго здрады.
Цяпер у спартоўкі іншыя адносіны — адразу пасля раставання з мужам яна паляцела на адпачынак у Грэцыю, там пазнаёмілася з украінцам Аляксандрам Салонскім, і курортны раман перарос у паўнавартаснае сужыццё. У ЗША пара збіраецца разам — як згадвала бягуха, у яе бойфрэнда ёсць грынкарта.