У Канадзе бультэр'ер напаў на дзікабраза — і атрымаў 1500 іголак
Двухгадовага стафардшырскага бультэр'ера па мянушцы Брут кінулі гаспадары. Ён стаў блукаць па тэрыторыі індзейцаў блізу горада Эдмантан (Канада).
19.08.2024 / 12:51
Сабакам авалодаў ці то голад, ці то жаданне пагуляцца: ён высачыў дзікабраза, забраўся да яго ў бярлогу і паспрабаваў напасці. Той усадзіў у крыўдзіцеля ўвесь свой арсенал іголак, піша Bild.
Фота: з тэлеграм-канала Bild
Мясцовыя жыхары знайшлі Брута з шыпамі па ўсёй мордзе, пасці і вачах. Яны выклікалі зоаабаронцаў з арганізацыі Paws Up Program( PUP), тыя адвезлі небараку да ветэрынара. З морды дасталі каля 1500 іголак. Сем з іх аказаліся ў левым воку сабакі, яго прыйшлося выдаліць.
Цяпер Брут жыве ў прытулку і чакае новых гаспадароў.
«Ён добра ладзіць з дзецьмі і іншымі сабакамі, хоць яго і трэба карміць асобна. Яго віляючы хвост і ласкавы характар зробяць яго выдатным дадаткам да любой сям'і», — піша PUP.