Пастка зачынілася. Выглядае, украінцы сапраўды знішчылі ў Курскай вобласці трэці мост
Трэці мост знішчаны — наведзены два пантоны. І яны — найлепшы доказ сур'ёзнасці сітуацыі, піша вайсковы аналітык Ян Мацвееў. Гэта значыць у расейскай арміі не засталося паўнавартаснага шляху для адыходу на паўночны бераг. Цяпер УСУ пагражаюць акружыць расейскія сілы, якія стаяць уздоўж мяжы.
19.08.2024 / 23:43
Расіяне пабудавалі ўжо дзве пантонныя пераправы праз раку Сейм у Курскай вобласці. Адзін пантон знаходзіцца на ўсход ад вёскі Глушкова, другі — на ўсход ад вёскі Званае. Фота: Радыё Свабода
Сёння з'явілася інфармацыя, што Украіна атакавала і пашкодзіла апошні, трэці, мост праз раку Сейм у Курскай вобласці. Гэту інфармацыю пацвердзілі найперш z-каналы.
Пазней з'явіліся спадарожнікавыя здымкі наведзеных пантонных мастоў сіламі УС РФ праз гэтую раку.
«Пантоны наведзеныя ў адзін канец, іх рана ці позна разбурыць артылерыя, таму намеры ў расейскіх вайскоўцаў сур'ёзныя. Альбо паспрабуюць вывесці групоўку, альбо наадварот — узмацніць і паспрабаваць трымацца далей. Асуджаючы салдат на смерць або палон. Але калі расійскіх генералаў клапацілі падобныя дробязі», — піша Мацвееў.
Ён звяртае ўвагу на рызыку для мірных грамадзян эвакуацыі праз пантоны. «Бо арганізаваць паўнавартасную і якасную эвакуацыю ў першыя дні не знайшлі часу», — дадае ён.
«Так ці інакш, я не бачу ніякіх інструментаў у расейскай арміі, якімі б яна магла змяніць сітуацыю ў гэтай кішэні паміж Сеймам і мяжой. УСУ вызначана захопяць яе ў найбліжэйшай будучыні», — піша Мацвееў.
На расійскім Першым канале заклікалі да дывановых бамбаванняў Курскай вобласці
У Курскую вобласць увайшло танкавае падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў