Неагатычнай воданапорнай вежы ў Мінску знайшлі ўжытак

Два гады таму яе спрабавалі прадаць, але, мяркуючы па ўсім, беспаспяхова.

20.08.2024 / 16:39

Фота: «Мінскі кур'ер»

Гістарычнай воданапорнай вежы на вуліцы Аўтадораўскай у Мінску нарэшце знайшлі прымяненне.

У гэтым вядомым будынку, які апошнія 15 гадоў належыць архітэктару, размесцяць кафэ. Установа размесціцца на двух ніжніх паверхах будынка.

Там ужо выкладзена падлога, гатовая барная стойка, выразныя абрысы набывае лесвічка, якая вядзе на другі ярус, піша «Мінскі кур'ер».

Разам з тым права арэнды зямельнага ўчастка заканчваецца ўжо ў канцы снежня, а яго прадаўжэнне залежыць ад выніку работ. Уласнік абяцае адкрыць аб'ект праз тры месяцы — да 7 лістапада.

Вежа ў неагатычным стылі ўпершыню згадваецца ў дакументах у 1910 годзе, пабудавана яна была, хутчэй за ўсё, у пачатку XX стагоддзя. Яна знаходзілася побач з Брэсцкім чыгуначным вакзалам і служыла для запраўкі вадой паравозаў, а таксама для падачы вады ў пасёлкі працоўных-чыгуначнікаў. Таўшчыня сцен вежы складае адзін метр. Раней у верхняй частцы вежы размяшчалася два металічныя бакі, кожны ўмяшчаў па 80 тон вады.

Будынак прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У 2022 годзе яго спрабавалі прадаць за 600 тысяч долараў. Патэнцыйнаму інвестару прапаноўвалі размясціць у вежы гатэль, рэстаран ці офіс. Агульная плошча будынка складае 166 кв. м.

Nashaniva.com