Марыя Шабанец — новае імя ў беларускім фэнтэзі
У яе кнізе «Пасланцы Цмока» ўсё крыху інакш, чым мы прывыклі, піша Зося Лугавая.
24.08.2024 / 19:29
«Пасланцы Цмока» — першая празаічная кніга Марыі Шабанец.
Цмок не проста сцеражэ скарбы, але разважліва валадарыць у Дрыгвяным княстве. Русалка-расамаха ратуе чалавечых дзяцей сваім малаком і дае парады Цмоку. Дабрахожы ў кампаніі двух юнакоў, знічкі і хіхітуна ідзе ратаваць суседняе княства. А галоўную небяспеку ўяўляюць самі людзі са свайго Курганнага княства.
Тут ёсць шмат таго, што любяць выкарыстоўваць беларускія аўтары, якія пішуць у стылі фэнтэзі. Напрыклад, псеўдасераднявечча і вялікая колькасць міфалагічных істот — ад гаёвак і азярніц да Дабрахожага і Жыжа. Ёсць і тое, што ўласціва сусветна вядомым фэнтэзі-гісторыям: падарожжа, разнашэрсная кампанія насельнікаў чароўнага свету, супольная мэта — звязаная з выратаваннем ад магутнага зла.
Шмат пазнавальных персанажаў і прыёмаў, але адначасова ўсё крышачку інакш. Цмок тут не адмоўны, а станоўчы персанаж. Ён уладар Дрыгвянога княства, насельнікі якога — пераважна нечалавечыя істоты. Цмок — мудры, паважны, добра адукаваны. У адрозненне ад людзей.
«У княжым горадзе многія мараць пра твае скарбы, Уладар… пра скарбніцу, паўнюткую золата і срэбра, каштоўных камянёў, зачараванай зброі і скруткаў з недасяжнымі ведамі. Прачытаць іх ніхто не здолее, а знішчыць жадае кожны».
Найбольшая колькасць сумнеўных герояў сустракаецца менавіта сярод людзей. Іх Курганнае княства праз чыесьці таямнічыя інтрыгі пачынае пагражаць вайной Цмокавым уладанням. Фармальная прычына гэтаму — невядомая Хвароба, крыніца якой быццам бы знаходзіцца ў княстве казачных істот. Але Цмок і яго памагатыя разумеюць, што той, хто распаўсюджвае хваробу, хаваецца ў чалавечым княстве. Таму пасланцы выпраўляюцца з важнай місіяй — выявіць здрадніка і прадухіліць вайну.
- Як жа гэта так, дзеду? — вусны ў Зіхацінкі дрыжалі.
- На жаль, людзі бываюць і такія, — адказаў Рыхташ. — А вайна іх прыцягвае, як мух лайно. Нават яшчэ не распачаўшыся.
Сярод пасланцоў Цмока людзей усяго двое — сын млынара Уцей і князёўна Люта. І калі Уцей неяк адразу выклікае давер (ён адзіны з людзей, хто здолеў выжыць пасля Хваробы), то з князёўнай не ўсё проста. Яна не толькі ідзе з місіяй, яна вяртаецца дадому, у бацькава Курганнае княства. Яна ганарлівая, самаўпэўненая, кплівая.
Страшная Хвароба апісваецца даволі загадкава, калі не сказаць цьмяна. Дакладна вядома тое, што яна робіць людзей бязвольнымі, высмоктвае з іх сілы. Ахвяры хваробы ляжаць без апетыту, нічога не хочуць і не могуць, у іх чарнеюць рукі. Калісьці Хвароба ўжо была ў гэтых мясцінах, забрала шмат жыццяў і моцна змяніла лад існавання абодвух княстваў.
«Напачатку ў вашым княстве папаўзлі плёткі пра тое, што тут жывуць толькі нелюдзі-душагубцы. Праз гэтыя жахлівыя пагалоскі нават гандляры, якім звычайна няма справы да плётак, з’яўляліся ўсё радзей. Людзей, што жывуць тут, пачалі прымаць за хаўруснікаў злодзеяў. Потым, трынаццаць гадоў таму, Хвароба выкасіла вёскі Курганнага княства побач з нашай мяжой. Нанова іх ужо не засялілі. Можна ўявіць, што цяпер кажуць пра нас былыя суседзі тых мёртвых вёсак…»
Хвароба выглядае не надта пераканаўча, затое аўтарка далікатна абыходзіцца з міфічнымі істотамі ў сваім тэксце. Адчуваецца, што яна добра валодае тэмай, таму і дазваляе сабе дадаваць нестандартныя рысы агульнавядомым міфічным персанажам. Большасць з іх паводзяцца ў кнізе прыстойна і нават выклікаюць павагу.
На сваім шляху пасланцы Цмока сустрэнуць амаль абавязковых для аўтэнтычнага беларускага фэнтэзі гаёвак і вужалак. Вужалкі — пляменніцы Цмока, іхны бацька, Вужыны кароль, выправіў іх да дзядзькі тады, калі стаў адчуваць пагрозу з боку чалавечага княства. Яны клапоцяцца пра Цмока, пра ягоную гаспадарку, палац і гасцей палаца. Гаёўкі сустрэнуцца падарожнікам у лесе, дапамогуць і нават не будуць гарэзіць і забіраць чалавечае адзенне ці ўпрыгожанні (як, напрыклад, здарылася ў кнізе Зараславы Камінскай «Па-той-бок»).
Адным з галоўных у атрадзе пасланцоў будзе Дабрахожы Рыхташ. Не апошняе месца, дарэчы, такі персанаж займае і ў другой частцы «Вольнераў» Валера Гапеева, якая выйшла ўвесну. Але там ён выявіцца даволі абмежаваным, нават крыху страшным у сваёй абмежаванасці, персанажам. У Дабрахожым Марыі Шабанец адчуваецца багаты жыццёвы досвед, грунтоўнасць і разважлівасць. Гэткі наш мясцовы Гэндальф альбо Дамблдор.
Самы прыгожы і таямнічы вобраз аповесці — русалка-расамаха Бруінна, традыцыйны для беларускай міфалогіі дух у абліччы жанчыны. Але аўтарка яе моцна ачалавечвае, у добрым сэнсе слова. Яна — крыніца мудрасці міфалагічнага свету, яна ведае, як лекаваць і цела, і душу. Яна ведае адказы амаль на ўсе пытанні, альбо ведае дзе іх шукаць. Бруінна — жаночая сіла ў найглыбейшым яе праяўленні і разуменні. Ну як тут не прыгадаць толкінаўскую эльфійку Галадрыэль?
Менавіта Бруінна скажа аднойчы Цмоку:
«І мы некалі існавалі толькі ў байках. І неўзабаве сыдзем у казкі, Уладару. Людзі самі не ведаюць, колькі моцы ў іх гісторыях… Людзі. Яны лепшыя і горшыя за ўсё, што ёсць у нашым свеце».
Але русалкай-расамахай незвычайныя персанажы аповесці не сканчваюцца.
Напэўна, «Пасланцы Цмока» маглі б стаць пачаткам фэнтэзі-цыкла, бо фэнтэзі хочацца чытаць менавіта так, кніга за кнігай, заглыбляючыся ў альтэрнатыўны сусвет па самую макаўку. «Пасланцы Цмока» маюць такі патэнцыял.
Марыя Шабанец стварыла сусвет, у які хочацца верыць.
Пасланцы Цмока. Марыя Шабанец. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2023. Мастакі: Яўген Кот (вокладка), Віталь Назарэвіч (ілюстрацыі)