«Пасля 2020-га дзяржслужба моцна падсела на антыдэпрэсанты». Экс-чыноўнік расказаў, як лечаць у віп-клініцы

Для чыноўнікаў у Беларусі ёсць асобны медцэнтр. Узначальвае яго маці малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі, цяпер сенатарка Ірына Абельская. Ва ўстанове бясплатна абслугоўваюць дзяржслужачых і тых, хто «ўнёс значны ўклад у развіццё дзяржавы». Простым беларусам трапіць на прыём можна толькі за грошы. Як лечаць чыноўнікаў, ці вялікія там чэргі і якое абсталяванне? Пра гэта «Люстэрка» паразмаўляла з былым супрацоўнікам Адміністрацыі Лукашэнкі.

28.08.2024 / 09:04

Будынак Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі ў пасёлку Ждановічы Мінскага раёна, 2017 год. Фота: TUT.BY

«Пакуль нехта пачынае кар'еру са «старшыны», у адміністрацыі ты адразу становішся «капітанам»

На працягу дзесяці гадоў Зміцер (імя зменена) працаваў у арганізацыі, якая ўваходзіць у структуру Адміністрацыі Лукашэнкі. За гэты час суразмоўца «Люстэрка» ў службовай іерархіі дарос да ўзроўню дзяржаўнага служачага трэцяга класа.

— Калі параўноўваць з войскам, то трэці клас дзяржаўнага служачага адпавядае сярэдняму афіцэрскаму званню, прыкладна маёрскаму, — тлумачыць Зміцер. — Цікава, што класы супрацоўнікаў Адміністрацыі Лукашэнкі (а яшчэ Савета бяспекі і падобных па значнасці структур) пачынаюцца з чацвёртага. Тады як у міністэрствах — з шостага, у МЗСе — з сёмага, а чыноўнікі ў рэгіёнах паўзуць з апошняга, дзявятага класа. Гэта значыць, пакуль хтосьці пачынае кар'еру са «старшыны», ты прыходзіш на працу ў адміністрацыю і адразу становішся «капітанам».

Адна з «плюшак» такога высокага службовага становішча — магчымасць абслугоўвання ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.

— У народзе яго называюць лячэбнай камісіяй (ці лечкамісіяй), а чыноўнікі выкарыстоўваюць больш кароткую назву — «лечка», — дзеліцца Зміцер.

«Лечка» з'явілася ў Мінску ў 1931 годзе і да 2018-га працавала ў квартале вуліц Чырвонаармейскай, Энгельса і Ульянаўскай. У медцэнтры была паліклініка, стацыянар, шматпрофільнае аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, аддзяленне хуткай дапамогі і дыягнастычныя службы. Тут абслугоўвалі найвышэйшых службовых асоб, выдатных дзеячаў культуры, мастацтва, спорту і грамадзян, якія маюць ганаровыя званні і ўзнагароды. Пазней туды маглі трапіць і звычайныя беларусы. Праўда, платна. З 2001 па 2007 год, а потым з 2009 года кіраўніком лечкамісіі была Ірына Абельская.

У 2018 годзе лечкамісія пераехала ў Ждановічы (будаўніцтва каштавала 100 мільёнаў долараў). А медцэнтр на Чырвонаармейскай перадалі гораду. На канец 2017 года, дарэчы, на ўліку ў лечкамісіі стаялі каля шасці тысяч дзяржслужачых.

— Стары будынак быў не ў найлепшым стане з-за ўзросту, — успамінае экс-чыноўнік. — Там пакінулі ўсё абсталяванне ад «лечкі» — у новае ўсё закуплялася з нуля. Яшчэ там засталася частка спецыялістаў, не ўсе захацелі працаваць у Ждановічах.

Цікава, што ў адным са старых карпусоў Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра, хутчэй за ўсё, з'явіцца яшчэ адна, 18-я рэзідэнцыя Лукашэнкі. Пра гэта ў верасні мінулага года расказваў BELPOL.

Пасля пераезду ў клінікі з'явіўся новы сайт. Суразмоўца звяртае ўвагу на яго назву — vip-clinic.by.

— Гэта значыць, падкрэсліваецца, што гэта клініка для вельмі важных персон, — кажа ён. — Так, спачатку там планавалі абслугоўваць толькі найвышэйшых чыноўнікаў узроўню прэзідэнта, прэм'ера, міністраў. Але потым аказалася, што лечкамісія пустуе — дактары сядзяць без нагрузкі, прастойвае абсталяванне. Тады ў лечкамісіі дазволілі абслугоўвацца супрацоўнікам узроўню начальнікаў упраўленняў і аддзелаў. А затым — усім чыноўнікам з арганізацый найвышэйшага звяна, яны яшчэ называюцца рэспубліканскімі органамі грамадзянскага кіравання (скарочана — РОГК). І так колькасць пацыентаў вырасла да пяці тысяч чалавек. У старой «лечцы», напрыклад, абслугоўвалі 17 тысяч.

Зала для рэабілітацыі ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі ў пасёлку Ждановічы Мінскага раёна, 2018 год. Фота: TUT.BY

«Пасля лечкамісіі мне страшна ісці ў звычайную клініку»

Зміцер прызнаецца, што за ўсе дзесяць гадоў працы на дзяржаўнай службе ён не карыстаўся паслугамі звычайных устаноў аховы здароўя і лячыўся толькі ў клініцы для чыноўнікаў. Таму, адзначае, яму складана казаць аб адрозненнях лечкамісіі ад паліклініках для звычайных грамадзян.

— Я разумею, што гэта гучыць дзіўна, але вось так яно было, — уздыхаючы, кажа мужчына. — Напрыклад, я ведаю, што ў звычайных клініках бываюць вялікія чэргі і талон да доктара можна атрымаць на дату толькі праз паўтара-два месяцы пасля звароту. У «лечцы» гэты тэрмін быў менш — звычайна доктар прымае на гэтым ці наступным тыдні. А калі нешта тэрміновае, то ў той самы дзень можна прыйсці без праблем. Чэргі былі толькі да стаматолага. Прызнаюся сапраўды, пасля лечкамісіі мне страшна ісці ў звычайную клініку.

Яшчэ адно адрозненне звычайных бальніц і чыноўніцкай клінікі, паводле назірання Дзмітрыя, заключаецца ў розных падыходах да рэабілітацыі пацыентаў пасля складаных захворванняў і аперацый.

— У нас медыцына для шараговых грамадзян гэтым вельмі моцна адрозніваецца, — адзначае Зміцер. — Напрыклад, пасля вывіху або інсульту цябе вылечаць, вядома. Але вось з працэдурамі аднаўлення — масажы, віхравыя ванны, лячэбная фізкультура, шведскія сценкі, мячы, медыцынскія бегавыя дарожкі — ва ўстановах для грамадзян усё вельмі дрэнна. А ў «лечцы» з гэтым увогуле праблем няма. Найвышэйшыя чыноўнікі могуць хадзіць туды проста так, каб пазаймацца фізіятэрапіяй.

Паслугі лечкамісіі звычайныя беларусы могуць атрымаць платна. Але, паводле слоў Дзмітрыя, нават за грошы шараговыя пацыенты не могуць разлічваць на той жа ўзровень медыцыны і сэрвісу, якія даступны чыноўнікам бясплатна.

— У «лечцы» чыноўнікі дзеляцца на два няроўныя класы — «віпы» і ўсе астатнія, — адзначае наш суразмоўца. — Да першых адносяцца найвышэйшыя службовыя асобы, накшталт прэм'ера або генерала Карпянкова (гаворка пра намесніка міністра ўнутраных спраў, генерала-маёра Мікалая Карпянкова. — Заўв. рэд.). Усе астатнія — гэта чыноўнікі, прымацаваныя да віп-клінікі, і шараговыя грамадзяне, якія лечацца платна. Там ты проста знаходзішся ў нармальнай па еўрапейскіх мерках клініцы. Усё на найвышэйшым узроўні, вакол хваёвы лес. Ты спакойна чакаеш сваёй чаргі, і лекары з табой нармальна размаўляюць. Вобразна кажучы, усё адбываецца так, як яно павінна быць у нармальнай медыцыне. Але калі ты службовая асоба высокага ўзроўню, то цябе пад ручку заўсёды будзе вадзіць медсястра, і там у цябе больш магчымасцей. Калі, напрыклад, жадаеш запісацца на масаж, то зробіш гэта без праблем.

Гібрыдная кардыяхірургічная аперацыйная ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі ў пасёлку Ждановічы Мінскага раёна, 2018 год. Фота: TUT.BY

— Яшчэ мяне ўразіла мэбля ў палатах «лечкі». Пацыенты ляжаць на артапедычных ложках, якія аснашчаны электронікай, якая рэгулюе становішча цела, — працягвае Дзмітрый. — У звычайных бальніцах гэта, як правіла, прымітыўныя механізмы — трэба ўстаць, зразумець, як гэта ўладкована, і наладзіць пад сябе. А ў лечкамісіі ўсё робіцца кнопкай, і ты можаш рэгуляваць вышыню галавы, ног. Як у добрых еўрапейскіх бальніцах. Зразумела, што там устаноўлена самае сучаснае медыцынскае абсталяванне. Але ўразіла мяне іншае.

Як у нас у звычайных бальніцах падлогі мыюць? Металічнае вядро, ануча, драўляная швабра. І вада з хлоркай. А там для гэтага ёсць спецыяльная італьянская машына. І яшчэ ёсць віп-палаты для Лукашэнкі. Не ўпэўнены, ці даступныя яны для найвышэйшых чыноўнікаў, але яго сыны сапраўды могуць імі карыстацца.

«Раілі нават не глядзець у яго бок, гэта ж цэлы прэм'ер-міністр»

Наведваючы лечкамісію, Дзмітрый часам перасякаўся з чыноўнікамі высокага ўзроўню. Аднойчы сустрэў прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку. Праўда, пагаварыць з другой асобай краіны Дзмітрыю не ўдалося.

— Раілі нават не глядзець у яго бок, гэта ж цэлы прэм'ер-міністр! — смяецца мужчына.

У калідорах лечкамісіі наш суразмоўца сустракаў і галоўнага доктара Ірыну Абельскую.

— Яна была «пры выкананні», гэта значыць працавала, калі я яе бачыў, — успамінае Зміцер. — Аднойчы я стаў сведкам спрэчкі Абельскай з адным з дактароў, які спрабаваў уладкаваць у клініку нейкага свайго сваяка. Ірына на яго наехала са словамі: «Вы ж ведаеце, якія ў нас тут пацыенты, мы проста так з вуліцы браць не можам». Мне яна здалася вельмі спакойнай і акуратнай жанчынай.

Увесну 2022 году ў клініцы Зміцер бачыў беларускіх чыноўнікаў, якія вярнуліся з Украіны за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі. Гаворыць, тыя скардзіліся на праблемы падчас выезду з Украіны.

— Яны расказвалі пра свае прыгоды, як яны выбіраліся ў 20-х чыслах лютага 2022-га. Скардзіліся, што ўкраінцы ўжо разумелі, што будзе ўварванне, і нічога не саромеліся, — пераказвае Дзмітрый словы прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі ва Украіне. — Запомнілася гісторыя пра тое, як украінская паліцыя іх тармазіла і патрабавала 400 еўра за праезд. Нашы скідаліся і плацілі.

«Ад кавіда на дзяржслужбе паміралі, але не тыя, хто ляжаў у «лечцы»

Падчас пандэміі каранавіруса Дзмітрый двойчы наведваў лечкамісію. Гаворыць, што з першых дзён эпідэміі ў віп-клініцы ўсё было абсталявана па найвышэйшых стандартах.

— Шчыра, я не ведаю, як ішлі справы ў звычайных бальніцах, але ў лечкамісіі адразу ўсё было па стандартах, як трэба, — дактары былі апранутыя ў спецыяльныя касцюмы, — кажа ён. — А калі стала зразумела, што ўсё сур'ёзна, то для прыёму пацыентаў абсталявалі спецыяльны блок з асобным уваходам. Там дактары апраналі яшчэ больш сур'ёзныя гарнітуры, я такія толькі ў кіно да гэтага бачыў.

Зміцер кажа, што падчас пандэміі лекары лячэбнай камісіі без праблем ставілі сваім высокапастаўленым пацыентам афіцыйны дыягназ «каранавірус». Не было недахопу і тэстаў на ковід.

— Калі ты прыходзіў з падазрэннем на ковід, то цябе адпраўлялі ў тое самае спецыяльнае аддзяленне, а там усе сядзелі ў невялікім калідоры. Натуральна, хтосьці быў ужо хворы і заражаў іншых, — успамінае Зміцер. — Пасля чакання гадзіну-дзве ўсім і заўсёды ставілі дыягназ «кавід». Наколькі я ведаю, у звычайных бальніцах часта былі сітуацыі, калі афіцыйна называлі любую іншую хваробу, але па факце ўсе разумелі, што лечаць ад каранавіруса. У «лечцы» ніколі такога не было. Заўсёды выпісвалі прыстойны спіс лекаў, а потым адпраўлялі дадому лячыцца. Спачатку бальнічныя выпісвалі на два тыдні. Але потым адляжацца ўжо не давалі — адпраўлялі на працу праз 5-7 дзён.

Абед у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі ў пасёлку Ждановічы Мінскага раёна, 2018 год. Фота: TUT.BY

Пацыентам з цяжкімі формамі каранавіруса ў лечкамісіі можна было разлічваць на самы лепшы ў краіне догляд. Па словах Зміцера, вынікам такога падыходу была вельмі нізкая смяротнасць чыноўнікаў.

— Фішка «лечкі» ў тым, што там у выпадку нейкай экстранай сітуацыі можна сабраць кансіліум. Напрыклад, калі пацыенту вельмі дрэнна. Для гэтага нават можна прыцягваць дактароў з іншых бальніц, — тлумачыць Зміцер. — Гэта правіла, якое ў іх яшчэ з савецкіх часоў дзейнічае. І ў нас было некалькі такіх выпадкаў. І таму, наколькі я ведаю, ад кавіда людзі на дзяржслужбе паміралі, але не тыя, хто ляжаў у «лечцы». Разумееце розніцу? У дактароў існуе правіла: калі медыцына дазваляе, то чалавека выцягнуць можна. І ў лечкамісіі заўсёды выцягвалі. Я ведаю людзей, якія ўжо адной нагой знаходзіліся на тым свеце. Але іх выратавалі.

«Падзеі 2020 года для чыноўнікаў былі вельмі стрэсавымі»

Зміцер кажа, у 2020 годзе ў службоўцаў падвышаны попыт быў не толькі на паслугі інфекцыяністаў. На фоне стрэсу, выкліканага пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, шмат хто з іх пачаў звяртацца па дапамогу да псіхіятраў. Па словах суразмоўцы, попыт на іх паслугі і таблеткі вырас у разы.

— Калі коратка, дзяржслужба моцна падсела на транквілізатары і антыдэпрэсанты, — лічыць Дзмітрый. — Прычым чыноўнікі, якія атрымалі іх у «лечцы», некалькі іранічна потым глядзелі на калегаў, якія знаходзілі заспакаенне толькі ў валяр'янцы і прэпаратах з амінафенілалейнай кіслатой. Доктар, да якой звяртаўся і я, тлумачыла сітуацыю так: падзеі 2020 года для чыноўнікаў былі вельмі стрэсавымі. Шмат для каго рабілася ўдарам, калі затрымлівалі іх сваякоў, сяброў, навуковых кіраўнікоў і выкладчыкаў. Праблемы ў асабістым жыцці, як правіла, станавіліся абцяжваючым фактарам. І ў выніку людзі траплялі да яе з дыягназам «дэпрэсія», «расстройства» і гэтак далей. Такая вось сацыялогія атрымлівалася.

Ці баяліся чыноўнікі, што некаторыя дактары, якім яны давяраюць такія адчувальныя дэталі свайго жыцця, могуць быць супрацоўнікамі спецслужбаў? Зміцер кажа, што такое магчыма. Але не задумваўся аб гэтым за ўвесь час працы на дзяржслужбе. Ён успамінае, як у лечкамісіі была арганізавана абарона персанальных звестак пацыентаў.

— У іх там свая закрытая сістэма і нейкія вельмі спецыфічныя праграмы, — расказвае Дзмітрый. — У звычайнай бальніцы запісаць, напрыклад, рэнтген-здымак можна на звычайную флешку. У «лечцы» гэты фокус не пройдзе – ім трэба прынесці CD-дыск, прычым з аднаразовым запісам. Уласна, падзеі 2020 года паказалі — хакерам атрымалася ўзламаць базу дадзеных пашпартоў, штрафаў, супрацоўнікаў МУС, але вось з «лечкай» у іх нічога не выйшла.

Nashaniva.com