Жыхар Віцебска пазбавіўся 450 тысяч рублёў на «інвестыцыях у Газпрам»

Жыхар Віцебска страціў на віртуальных інвестыцыях каля 450 тысяч рублёў, стаўшы ахвярай аферыстаў, паведамілі ў МУС.

28.08.2024 / 12:14

У сеціве 34-гадовы мужчына заўважыў рэкламу нібыта карпарацыі «Газпрам». Патэнцыйны наймальнік прапаноўваў дадатковы заробак. Варыянт зацікавіў віцябляніна, таму ён перайшоў па спасылцы і пакінуў заяўку.

Праз нейкі час з ім у месенджары звязаўся чалавек, які прапанаваў сваю дапамогу з рэгістрацыяй на біржы і кансультацыі па інвестыцыях.

Віцяблянін выканаў указанні невядомага. Ашуканцы падавалі мужчыну рэквізіты рахункаў і крыптавалютных кашалькоў, якія той папаўняў на працягу трох месяцаў.

Пры гэтым ён пераводзіў не толькі асабістыя грошы, але і крэдытныя, і пазычаныя.

Калі пацярпелы вырашаў вывесці заробленыя сродкі, зламыснікі змушалі яго плаціць яшчэ, прыдумляючы новыя прычыны. Сувязь з імі знікла пасля адмовы мужчыны папаўняць рахункі.

Следчыя распачалі крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры.

Nashaniva.com