Усяго дзве вараныя бульбіны ў дзень могуць дапамагчы жыць даўжэй
Да такіх высноў прыйшлі навукоўцы з Нарвегіі.
29.08.2024 / 08:00
Бульба ў мундзірах. Крыніца: belstrava.art-school-four.by
Бульбу часта не лічаць карыснай гароднінай. Нарвежскія вучоныя сцвярджаюць адваротнае.
Як піша Sciencenorway, буйное даследаванне правялі навукоўцы з Універсітэта Осла і Нарвежскага інстытута грамадскага харчавання. Яны сабралі даныя апытання насельніцтва (77 297 чалавек) аб звычках харчавання, якое праводзілася на працягу 1974-1988 гадоў. Затым праз 40 гадоў даследчыкі звязалі ўдзельнікаў апытання з Рэгістрам прычын смерці (27 848 выпадкаў).
Даследаванне паказала, што ў тых, хто еў не менш за дзве бульбіны ў дзень у 1970-80-я гады, смяротнасць на працягу наступных 40 гадоў аказалася на 12% ніжэйшай у параўнанні з тымі, у каго бульбы не было кожны дзень у рацыёне.
У даследаванні ўлічваліся такія фактары, як узрост, пол, курэнне, фізічная актыўнасць, спажыванне мяса, рыбы, масла ці маргарыну. Вынікі былі аднолькавымі як для жанчын, так і для мужчын, а таксама не залежалі ад вагі, курэння і фізічных практыкаванняў.
Даследаванне, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Nutrition, таксама паказала, што рэгулярнае ўжыванне бульбы суправаджаецца нізкай смяротнасцю ад хвароб сэрца.
Як тлумачаць аўтары, на кожныя 100 грамаў больш высокага спажывання бульбы рызыка смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў зніжалася на 4%. Яны заўважаюць, што ўзровень смяротнасці ў аматараў бульбы быў прыкладна такім жа, як і ў тых, хто шмат спажываў гародніну ў цэлым.
Навукоўцы адзначаюць, што важны спосаб прыгатавання. Карысная менавіта вараная бульба, якая мае нізкі глікемічны індэкс і асабліва багатая пажыўнымі рэчывамі.
Аўтары звяртаюць увагу, што амаль выключна ў такім выглядзе ў Нарвегіі бульба і спажываецца.
У Беларусі вывелі новы сорт бульбы для чыпсаў
У Крычаве навучыліся варыць варэнне з бульбы
«Гэта, натуральна, не суперфуд». Чым карысная і шкодная бульба і як часта яе есці?