У школах Беларусі будуць праводзіць «ранішнія фільтры». Што гэта такое?

Дактары збіраюцца змагацца з ростам прастудных захворванняў пасля пачатку навучальнага года.

30.08.2024 / 12:44

У беларускіх школах з пачатку навучальнага года збіраюцца праводзіць «ранішнія фільтры». Так эпідэміёлагі назвалі апытанне дзяцей аб стане здароўя.

З пачаткам навучальнага года прагназуецца традыцыйны сезонны ўздым захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, распавяла намеснік кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч. Гэта звязана з вяртаннем дзяцей і студэнтаў пасля канікул, а таксама завяршэннем адпачынкаў у дарослых, піша «СБ».

Міністэрства аховы здароўя плануе ўзмацніць правядзенне санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

«Так, будуць праводзіцца ранішнія фільтры. Дзяцей і падлеткаў будуць апытваць пра стан здароўя. Пры наяўнасці скаргаў, бачных сімптомаў захворванняў навучэнцам памераюць тэмпературу, таксама будзе праведзены больш дэталёвы медыцынскі агляд. Акрамя таго, будзе ўзмоцнены кантроль за выкананнем дзецьмі і падлеткамі правілаў асабістай гігіены», — распавяла Дашкевіч.

Таксама асаблівую ўвагу будуць надаваць школьнаму харчаванню.

Nashaniva.com