«Старонку перагарнуць сапраўды пара». Рускамірац Агафонаў расказаў, што пабачыў падчас свайго кароткачасовага зняволення

Прарасійскі актывіст з Бабруйска Арцём Агафонаў падзяліўся ў тэлеграм-канале сваім досведам нядоўгага знаходжання ў лукашысцкіх засценках. Вынесены яму прысуд яго задаволіў, але «правапрымяняльную практыку трэба мяняць».

30.08.2024 / 22:56

Арцём Агафонаў у Маскве. Фота: «Вконтакте»

Паводле слоў Агафонава, затрымалі яго на аўтобусным прыпынку, прывезлі ў міліцэйскі апорны пункт і паказалі два скрыншоты з ягонага фэйсбука за 2021 год. На іх былі спасылкі на «Радыё Свабода» і «Беларускі партызан». Віну сваю прарасійскі дзеяч прызнаў, пратакол падпісаў, пасля чаго яго завезлі ў ІЧУ з кайданкамі і пад канвоем.

На ноч змясцілі, як ён выказаўся, «у аднамесны карцар», дзе знаходзілася яшчэ пяць чалавек ад 30 да 50 гадоў, усе палітычныя з такімі ж «грахамі». Прытым адзін з іх быў, па словах Агафонава, такі ж самы прарасійскі, як і ён сам. 

«Людзі сабраліся (за выключэннем мяне) ад палітыкі далёкія, звычайныя рабацягі», — падкрэслівае Агафонаў.

Рускамірны актывіст прызнаецца, што вельмі баяўся, каб яму не далі, як і большасці іншых, 15 сутак, бо мае слабое здароўе — у яго дыябет і гіпертэнзія. Але яму далі, да вялікай радасці, толькі штраф у 25 базавых. 

«Што магу сказаць па выніку? Старонку перагарнуць сапраўды пара. Тыя, каго я бачыў у камеры і на судзе, незалежна ад перакананняў, не ўяўляюць небяспекі для дзяржавы. І тое, што, у прынцыпе, звычайныя абывацелі набываюць досвед жыцця ў пенітэнцыярнай сістэме і крыўду на дзяржаву — не ёсць добра».

Праўда, сумневаў у тым, што «з экстрэмізмам змагацца трэба», у прыхільніка «рускага свету» па ранейшаму няма, але «правапрымяняльную практыку трэба мяняць зыходзячы з прынцыпу сувымернасці пакарання грамадскай небяспецы правапарушэння». 

Рускамірнага актывіста Арцёма Агафонава выпусцілі на волю

Затрымалі прарасійскага актывіста Арцёма Агафонава

«Заходзіў участковы, прасіў паказаць падпіскі». Яшчэ адзін прарасійскі актывіст заявіў, што яго пераследуюць за палітыку

«Мне сорамна, што жанчыну адправілі за краты». Беларус, чыя скарга прывяла Мірсалімаву ў ізалятар, расказаў, што адбылося

Хто такая Эльвіра Мірсалімава, якую ўжо нават лукашэнкаўцы вінавацяць у беларусафобстве

Прарасійскі актывіст Агафонаў збірае грошы, каб расплаціцца з адвакатам карэспандэнткі АНТ

Nashaniva.com