У Мінску прадаюць 10-гадовую Mazda з прабегам менш за 1000 км. Так бывае?
За амаль дзесяць гадоў Mazda CX 5 праехала ўсяго 944 кіламетры. Калі верыць апісанню, на ёй дабраліся з Масквы ў Мінск і больш не ездзілі.
03.09.2024 / 17:25
Фота тут і далей: av.by
Японка з Масквы
У аб'яве пішацца, што гэтую Mazda у студзені 2015 года набылі новай у Маскве. Дабраўшыся да Мінска, машыну паставілі ў гараж на захоўванне. Увесь гэты час машынай не карысталіся.
Прабег машыны — шлях з аўтасалона ў Маскве да Мінска. Апроч гэтага, аўтамабіль яшчэ крыху праехаўся па Мінску. Напрыканцы ліпеня 2024 года на машыне з'ездзілі на афіцыйны сэрвіс Mazda «Атлант-М Холпі» ў Баравой.
Там замянілі родны акумулятар на новы, апроч АКБ, у машыне замянілі тэхнічныя вадкасці і фільтры.
«Аўтамабіль запушчаны, пратэставаны і гатовы да эксплуатацыі. Стан новага аўто», — гаворыцца ў апісанні.
Мяркуючы па фота, аўтамабіль сапраўды выглядае, як новы. Сляды эксплуатацыі адсутнічаюць. Але і лічыць яго новым не выпадае, бо з моманту выпуску гэтага экземпляра прайшло ўжо 10 гадоў.
Пасля дзесяці гадоў прастою многія гумовыя дэталі, сальнікі і іншыя вузлы могуць хутка пачаць выходзіць з ладу.
Калі, напрыклад, на машыне дагэтуль стаяць завадскія пакрышкі, то яны маглі страціць пачатковыя якасці. Як мінімум, яны будуць зношвацца хутчэй. Бо дзесяць гадоў лічыцца максімальным тэрмінам прыдатнасці для пакрышак.
Просяць за «новы» 10-гадовы паркетнік 29 990 даляраў ЗША. Аналагічныя аўто з прабегам у сярэднім прадаюць за 16 500 даляраў.
Чаму цягам дзесяці гадоў машына не эксплуатавалася — гісторыя маўчыць. Але вельмі падобна на тое, што гэтая Mazda — адна са шматлікіх машын, якія беларусы пачалі масава прыганяць з Расіі пасля абвалу расійскага рубля. Гэта акурат адбывалася ў канцы 2014 — пачатку 2015 года.