«Гэта расійская ФСБ ці беларускі КДБ прыклаў руку» — дырэктарка Віленскага цэнтра беларускай культуры пра начны выпадак

Сёння ноччу ці раніцай у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні выбілі шыбы. Дырэктарка ўстановы Людвіка Кардзіс расказала Свабодзе пра падрабязнасці інцыдэнту.

04.09.2024 / 13:24

Калі дакладна адбыўся інцыдэнт, Людвіка не ведае, пакуль што адлік здарэння яна вядзе ад моманту, калі заўважылі наступствы інцыдэнту.

«Было 9:45, калі на працу прыйшла наша супрацоўніца Марына, якая першай убачыла, што шыбы двух вокнаў, якія выходзяць у двор, пабітыя. Адно акно — пакоя, які мы завём бібліятэкай, побач з ім стаіць піяніна. Другое акно выходзіць у калідор. Шыбы там дубальтовыя, пабілі толькі вонкавыя. Ніхто не пацярпеў, унутры памяшканняў аскепкаў няма. Небяспекі для наведнікаў няма.

Чым дакладна пабілі шыбы, сказаць пакуль не можам. Бо камянёў ці нечага іншага ў вокнах не знайшлі, трэба шукаць унізе. Спадзяемся, паліцыя ўсё высветліць. Паліцыянты сказалі, што адразу пачынаюць шукаць вакол нашага будынка тыя відэакамеры, на якіх можа быць запісана, як нам б’юць вокны. Як знойдуць такі запіс ці сведак, тады і будзем ведаць, калі гэта адбылося. Шыбы на іх просьбу мы пакуль не чапаем», — расказала Людвіка Кардзіс.

Што да матываў інцыдэнту, дырэктарка Цэнтра перакананая, што ён стаіць у тым жа шэрагу, што і напад на краму «Кропка», які адбыўся ўлетку.

«Версія ў мяне адна — што гэта расійская ФСБ ці беларускі КДБ прыклаў руку. Хочуць пасварыць беларусаў з літоўскай грамадскасцю, паказаць, што нібыта паміж імі ёсць нейкай напружанасць. Хаця насамрэч яе няма. Я даўно жыву ў Вільні, тут вельмі талерантнае грамадства, і я ведаю, што нічога з гэтых правакацый не атрымаецца.

А мы не займаемся палітыкай, мы займаемся развіццём культуры, сувязямі народаў. Вось і цяпер мы рыхтуемся да Тыдня беларускай культуры, які пачнецца празь некалькі дзён. Усё будзе добра, мы пераможам!» — пракаментавала інцыдэнт Людвіка Кардзіс.

***

У Вільні пройдзе Тыдзень беларускай культуры

Зачараваны беларушчынай. На 150-я ўгодкі першага рэдактара «Нашай Нівы», завадатара і жыццялюба Аляксандра Уласава

Nashaniva.com