На волю па памілаванні выйшла палітзняволеная прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна

Маці дваіх дзяцей была прысуджана да 3 гадоў і 3 месяцаў калоніі.

04.09.2024 / 21:51

Пра вызваленне Вікторыі Гаўрылінай у эфіры праграмы прапагандыста Рыгора Азаронка паведаміў Юрый Васкрасенскі.

 «У яе сур'ёзны быў тэрмін. Некалькі артыкулаў. У тым ліку 243, нявыплата падаткаў. Ёй сядзець і сядзець яшчэ… Гады з два, не менш», — заявіў Васкрасенскі, сказаўшы, што сваякі Вікторыі забралі яе з калоніі «з хвіліны на хвіліну».

41-гадовая Вікторыя Гаўрыліна — прадпрымальніца, танцорка, маці дваіх дзяцей.

Паводле звестак «Вясны», яна была ўзятая пад варту 27 студзеня 2023 года паводле абвінавачвання ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці за ахвяраванні паводле арт. 361-2 КК, а таксама паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў паводле арт. 243 КК і незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных звестак паводле арт. 203-1 КК. 

Разам з Вікторыяй быў затрыманы яе муж Дзмітрый, які адбыў 30 сутак адміністрацыйнага арышту і быў адпушчаны на волю. Дзмітрый — дырэктар Гомельскага маторарамонтнага завода, вакаліст этна-гурта «Бан-Жвірба». 

Судзіў Вікторыю Гаўрыліну ў Гомельскім абласным судзе суддзя Анатоль Сотнікаў, працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

18 верасня 2023 года быў вынесены прысуд па крымінальнай справе Вікторыі. Суд прызнаў яе вінаватай у выдзяленні грашовых сродкаў для заведамага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фармавання, наўмысных незаконных зборах і наданні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных іншай асобы без яе згоды. 

Ёй было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады і 3 месяцы з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.

Па памілаванні выйшла адна з заснавальніц «Маці 328» Марына Кісялевіч

Генпракурор Швед анансаваў чарговае пасяджэнне камісіі па памілаванні

Памілаваныя яшчэ 30 палітвязняў

Nashaniva.com