Жыхары цэнтра і захаду Беларусі наракаюць на смугу і пах гару. У Вільні распаўсюдзілі трывожнае апавяшчэнне. Што адбываецца?
МНС Беларусі захоўвае маўчанне, але апавяшчэнне Літвы і фоты НАСА даюць ключ да разумення сітуацыі.
08.09.2024 / 11:58
Дым над захадам Беларусі і ўсходам Літвы, а таксама хвасты дыму ад пажару ў Чарнобыльскай зоне і ўздоўж лініі фронту. Скрыншот з сайта НАСА
Учора жыхары Ліды, Наваградка, Слоніма, Вільні назіралі смугу, якая засланяла сонца, і адчувалі лёгкі пах гару.
У Беларусі ўлады захоўвалі маўчанне, жыхарам усходу Літвы Міністэрства аховы здароўя разаслала «трывожную эсэмэску» — так у Літве апавяшчаюць пра надзвычайныя сітуацыі.
Сёння дым перамясціўся ў кірунку Мінска. Першымі яго адчулі жыхары заходніх раёнаў сталіцы.
Інфармацыю аб якасці паветра ў рэальным часе публікуе сайт World's Air Pollution. Сайт атрымлівае інфармацыю з датчыкаў і адразу паказвае індэкс забруджвання.
Паводле даных World's Air Pollution, у Мінску сапраўды ёсць праблема з паветрам. Датчык на вуліцы Бельскага, Каліноўскага і Кальцова паказвае ўзровень забруджвання, які абазначаны як «нездаровы».
Што адбываецца?
Санітарныя службы Літвы звязалі смог з «пажарамі ў лясах і на тарфяніках» Беларусі. І папрасілі тых з людзей, якія кепска пераносяць смог, менш быць на дварэ, трымаць вокны закрытымі і часцей рабіць прыборку.
Аднак мы не маем інфармацыі пра лясныя пажары ці пажары тарфянікаў на тэрыторыі Беларусі. У той жа час спадарожнікавыя здымкі НАСА, магчыма, даюць ключ да таго, што адбываецца.
На іх відаць хвост дыму ад вялікага пажару ў Чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны. А таксама аналагічны хвост ад ланцуга пажараў у зоне баявых дзеянняў у Бранскай вобласці Расіі і Чарнігаўскай вобласці Украіны — там узгаранні вялікія, лясы сёлета стаяць выключна сухія. Нагадаем, што і ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях Беларусі абвешчана пра самы высокі ўзровень пажарнай небяспекі.
Мы пісалі пра кліматычную анамалію: у Беларусь і Літву перамясцілася паветра з Цэнтральнай Азіі. Вецер у гэтыя дні — паўднёва-усходні.
Магчыма, напрамак ветру і іншыя метэаралагічныя ўмовы такія, што дым ад пажараў у Чарнобыльскай зоне і ў зоне баявых дзеянняў заслаў захад Беларусі, а сёння дайшоў да Мінска.
Будзем чакаць інфармацыі ад МНС Беларусі. Пакуль яе не было.
Дзяржаўныя органы Літвы не паведамляюць пра змену радыяцыйнай сітуацыі.