У Латвіі разбіўся расійскі вайсковы дрон, які заляцеў з Беларусі

На ўсходзе Латвіі ў суботу, 7 верасня, разбіўся расійскі вайсковы дрон. Пра гэта паведаміла латвійскае Міністэрства абароны.

08.09.2024 / 15:28

Паводле паведамлення абароннага ведамства, інцыдэнт зафіксавалі ў суботу ў Рэзэкненскім краі на ўсходзе Латвіі.

Адказныя службы працягваюць высвятляць абставіны інцыдэнту, але,

паводле папярэдніх звестак, расейскі вайсковы дрон уляцеў у паветраную прастору Латвіі з тэрыторыі Беларусі.

Латвійскія сілы абароны, у адпаведнасці з працэдурамі, праінфармавалі пра інцыдэнт чыноўнікаў, праваахоўнікаў і камандаванне НАТА. Зараз працягваецца расследаванне інцыдэнту.

Наколькі вядома, гэта першы з пачатку поўнамаштабнага ўварвання выпадак, калі вайсковы дрон Расеі парушае паветраную прастору Латвіі.

Міністр абароны краіны Андрус Спрудс на гэтым фоне падкрэсліў, што Латвіі неабходна працягваць пачатую працу па ўмацаванні ўсходняй мяжы, у прыватнасці развіваць магчымасці супрацьпаветранай абароны і сродкі радыяэлектроннай барацьбы.

Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў аб неабходнасці калектыўнага рэагавання на такія інцыдэнты з расейскімі дронамі, бо «колькасць такіх інцыдэнтаў на ўсходнім флангу НАТА расце», піша «Еўрапейская праўда». 

Nashaniva.com