У Барысаве работнікі мэблевай фабрыкі гуляліся з вавёркай, а яна аказалася шалёнай
Выпадак масавага кантакту насельніцтва з шалёнай жывёлай адбыўся 6 верасня ў Барысаве.
09.09.2024 / 14:51
Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі мэблевага прадпрыемства знайшлі вавёрку на тэрыторыі арганізацыі. Жывёлу злавілі і пасадзілі ў клетку, там яна праседзела ўсю ноч. Раніцай паводзіны жывёлы змянілася: вавёрка бегала па клетцы, у яе былі канвульсіі, з рота пайшла пена. У другой палове дня грызун памёр, работнікі паведамілі пра інцыдэнт у Барысаўскую раённую ветэрынарную станцыю, паведамляе «Мінская праўда».
Спецыялісты выехалі на месца, труп забралі і адвезлі ў Мінскую абласную ветэрынарную лабараторыю, там жывёле і быў пастаўлены пасмяротны дыягназ «шаленства».
Барысаўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі пачаў расследаванне. Усіх (а гэта 15 чалавек), хто кантактаваў з хворай вавёркай — карміў, браў на рукі, гладзіў, — выявілі. Сярод кантактных асоб было і чатырохгадовае дзіця. Іх накіравалі да доктара-хірурга для агляду і атрымання антырабічнага лячэння.
Паводле інфармацыі відавочцаў, адна з жанчын, што гладзіла шалёнага грызуна, спачатку адмовілася рабіць прышчэпку. Але цяпер, быццам бы, ужо перадумала і зразумела, што стварае пагрозу не толькі для сябе, але і для іншых людзей.