«Беларуская школа ў Варшаве» шукае дапамогі

«Беларуская школа ў Варшаве» — гэта адзін з адукацыйных цэнтраў беларусаў замежжа. Праект паўстаў у 2022 годзе з мэтай захавання і развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці беларускіх дзяцей у замежжы.

09.09.2024 / 17:17

Школа мае філіялы — афлайн-пляцоўкі ў чатырох гарадах Польшчы. Таксама працуе анлайн і ладзіць сумесныя праекты са школкамі ў Літве і Грузіі. У школе 22 настаўнікі і каля 200 вучняў.

У 2024-2025 гадах Школа плануе паступова перайсці да бізнэс-фармату працы: атрымаць юрыдычную рэгістрацыю (фонд «Буслянка»), уводзіць платныя заняткі, пашыраць геаграфію і змест курсаў, тэставаць новыя тыпы заняткаў, ствараць дапаможнікі і часопісы. Камерцыйны складнік зробіць цэнтр больш устойлівым і дасць базу для больш дынамічнага пашырэння філіялаў па ўсім свеце.

Але для запуску гэтага патрэбнае кола патронаў — асобаў, якія цягам 9 месяцаў падтрымлівалі б ініцыятыву невялікай сумай (ад 10 еўра). Сабраныя сродкі дадуць магчымасць наняць патрэбных спецыялістаў і запусціць новыя прадукты.

Больш інфармацыі пра праект і дапамогу яму можна знайсці тут.

Nashaniva.com