Вучоныя выявілі адзін з магчымых шляхоў запавольвання старэння
Працягласць жыцця і пачатак старэння залежаць ад нязначных змен у ДНК, якія накопліваюцца з гадамі.
10.09.2024 / 20:47
Фота: Getty Images
Вучоныя з Універсітэта Этвёша Лоранда ў Венгрыі дабіліся істотнага прарыву ў разгадцы малекулярных механізмаў старэння. Пра свае поспехі яны расказалі ў International Journal of Molecular Sciences.
Даследчыкі звярнулі ўвагу на механізм змен у ДНК мітахондрый, якія часта называюць «электрастанцыямі клетак» з-за таго, што яны выпрацоўваюць энергію, неабходную для розных біяхімічных працэсаў.
Лічыцца, што мітахондрыі некалі былі асобнымі арганізмамі, якіх у працэсе эвалюцыі паглынуў продак сучасных клетак. Яны захавалі сваю ДНК, якая адрозніваецца ад ДНК ядра клеткі, што дазваляе ім сінтэзаваць некаторыя са сваіх бялкоў самастойна.
Мітахандрыяльная ДНК адыгрывае ключавую ролю ў развіцці і жыцці арганізма і перадаецца выключна па мацярынскай лініі.
Адным з першасных механізмаў старэння на генным узроўні з'яўляюцца эпігенетычныя альтэрацыі, пры якіх адбываюцца змены ў актыўнасці генаў (клетка іх уключае ці выключае), але сама паслядоўнасць ДНК не парушаецца. Адным з механізмаў, які запускае змены актыўнасці генаў, з'яўляецца ўздзеянне знешніх малекулярных метак, якія ўстанаўліваюцца паверх ДНК.
Венгерскія вучоныя выявілі адну з такіх метак — N6-метыладэнін (6mA), які паступова назапашваецца ў ДНК мітахондрый па меры старэння арганізму. Гэты працэс назіраецца ў розных відаў, уключаючы нематоду Caenorhabditis elegans, пладовую муху Drosophila melanogaster і сабак, што дазваляе дапусціць яго агульнасць для ўсіх жывёл.
Аўтары даследавання называюць гэты механізм «мітахандрыяльным эпігенетычным гадзіннікам», які цікае з рознай хуткасцю ў залежнасці ад працягласці жыцця.
Вучоныя распрацавалі спосаб вымярэння 6mA у ДНК мітахондрый і правялі даследаванне над круглымі чарвякамі C. elegans.
Дзякуючы геннай інжынерыі ў чарвякоў атрымалася зменшыць удвая хуткасць накаплення N6-метыладэніну. У выніку іх працягласць жыцця павялічылася ў два разы. Цікава, што тыя ж ферменты, якія кантралююць назапашванне 6мА ў мітахандрыяльнай ДНК, удзельнічаюць і ў мадыфікацыі ДНК ядра.
Па словах аўтараў, вынікі іх даследавання адкрываюць новыя магчымасці для разумення і патэнцыйнага ўмяшання ў працэс старэння.
Акрамя гэтага, новы метад вызначэння 6mA у ДНК мітахондрый пракладае шлях да будучых даследаванняў таго, як фактары навакольнага асяроддзя, дыета, фізічная актыўнасць, фармакалагічныя ўмяшальніцтвы ўплываюць на хуткасць накаплення N6-метыладэніну.
Гэта ў выніку дазволіць распрацаваць новыя стратэгіі садзейнічання больш здароваму старэнню і патэнцыйнаму павелічэнню працягласці жыцця.
«Дайце хоць што-небудзь». Пуцін загадаў тэрмінова стварыць для яго лекі ад старэння
Навукоўцы знайшлі спосаб падмануць смерць
Вучоныя вызначылі ў жыцці чалавека два пікі старэння
Вечны дыктатар. Як хутка тыраны змогуць скарыстацца першымі лекамі ад старэння?