Шпіёнку Дар'ю Астапенку, асуджаную ў Польшчы, пасля суда вызвалілі з-пад варты

Дар’і Астапенцы на судзе прызначылі 1 год 8 месяцаў зняволення і адначасова вызвалілі з-пад варты, паведамляе тэлеканал «Белсат» са спасылкай на прэс-службу Акруговага суда Варшава-Прага. 

11.09.2024 / 19:00

Дар'я Астапенка — у цэнтры

Раней жанчыну прызналі вінаватай паводле артыкула «Шпіянаж», які прадугледжвае мінімальна 5 гадоў турмы. Нягледзячы на гэта, Дар’і Астапенцы прызначылі эксклюзіўна малы тэрмін, а цяпер, як выглядае, і ўвогуле вызвалілі.

«Дар’я Астапенка была асуджаная на турэмнае зняволенне тэрмінам 1 год 8 месяцаў з надзвычайным змякчэннем. Перыяд часовага затрымання і ўтрымання пад вартаю з 20 снежня 2023 па 10 верасня 2024 года быў залічаны ў тэрмін пакарання», — сказалі «Белсату» ў прэс-службе Акруговага суда Варшава-Прага.

Пры гэтым суд скасаваў меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай:

«Суд пастанавіў вызваліць яе. Пастанова накіраваная ў СІЗА, і калі няма падстаў для далейшага ўтрымання пад вартаю з увагі на іншую справу, то Дар’я Астапенка цяпер на волі».

Чаму суд вынес такі мяккі прысуд і пастанавіў вызваліць шпіёнку, пакуль не вядома. Гэта будзе пазначана ў матывацыйнай частцы прысуду, які пакуль не абнародаваны, і ў прэс-службе тлумачэнняў не даюць.

Зрэшты, прысуд яшчэ не набыў моц, абскардзіць вырак можа як адвакат фігуранткі, так і пракуратура.

Актывістцы «Гавары праўду» далі ў Польшчы рэальны тэрмін за шпіянаж на карысць Беларусі

У Варшаве грамадзянку Беларусі будуць судзіць за перадачу КДБ інфармацыі пра беларускія арганізацыі ў Польшчы

Затрыманая ў Польшчы агентка КДБ раней была порнаактрысай

Стала вядома, што за беларуску арыштавалі ў Польшчы за працу на КДБ

Nashaniva.com