Назвалі нечаканую прычыну абвалу моста ў Дрэздэне

Мост у Дрэздэне абрынуўся праз сродкі для пасыпкі дарог часоў ГДР, піша Bild.

12.09.2024 / 13:55

11 верасня 2024 г. у Дрэздэне абрынуліся часткі моста праз Эльбу. Фота: Robert Michael / picture alliance via Getty Images

Напярэдадні ў сталіцы Саксоніі абрынуўся мост, цяжкія бетонныя сегменты перакрылі Эльбу. Як паведаміў кіраўнік упраўлення мастоў і інжынерных канструкцый Дрэздэна Хольгер Кальбэ, найбольш імаверная прычына — процігалалёдны раствор хларыду магнію, які выкарыстоўвалі для пасыпання дарог зімой у часы ГДР. З-за агрэсіўнага хімікату бетонны мост праржавеў знутры.

«У часы ГДР у нас тут быў буйны ўкід хларыдаў. Хларыды масава праніклі ў канструкцыю і прывялі да карозіі арматуры ўнутры моста. <..> Немагчыма было прадбачыць, што стан моста апынецца настолькі дрэнным, што ён абрынецца», — сказаў Кальбэ. 

Мост Каролы быў пабудаваны ў 1892 годзе і названы ў гонар Каролы фон Васа-Гальштэйн-Готарп, жонкі караля Саксоніі Альберта. Той мост цалкам разбурылі ў часе Другой сусветнай вайны. Пераправа праз Эльбу была адноўлена ў 1971 годзе.

Nashaniva.com