Зяленскі: Расійскі наступ на Куршчыне ідзе паводле ўкраінскага плану

Прэзідэнт Украіны распавёў пра контрнаступленне расійскіх войскаў у Курскай вобласці і ўзгадаў Беларусь.

12.09.2024 / 15:37

Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo / Evgeniy Maloletka

Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі з літоўскім калегам Гітанасам Наўседам пацвердзіў, што расійскія войскі пачалі контрнаступ у Курскай вобласці. З ягоных слоў, усё ідзе паводле ўкраінскага плану, піша «РБК-Украіна».

«Расейцы пачалі контрнаступальныя дзеянні. Усё ідзе па нашым украінскім плане. Што тычыцца Беларусі… Навалу бачым. Бачым даўно. Кантралюем гэты працэс», — заявіў Зяленскі.

Расійскія праваенныя блогеры распавялі пра пачатак контрнаступу 10 верасня. 

Мінабароны Расіі сёння заявіла аб узяцці 10 сёлаў у Курскай вобласці. Паводле заявы ведамства, на працягу двух сутак у выніку контрнаступлення ў Курскай вобласці на пазіцыі УСУ «вызвалена 10 населеных пунктаў: ​​Апанасаўка, Бяхава, Вішнёўка, Віктараўка, Внезапнае, Гардзееўка, Краснаакцябрскае, Абухоўка, Снагасць і 10-ы Акцябр».

Nashaniva.com