Расійскі мультымільянер Неўзлін мог быць арганізатарам нападу ў Вільні на Леаніда Волкава, паплечніка Навальнага

Выказваліся меркаванні, што былы бізнэс-партнёр Хадаркоўскага Леанід Неўзлін фінансуе некаторыя беларускія медыя і палітычныя ініцыятывы, якія выступаюць з рэзкай крытыкай Святланы Ціханоўскай. Цяпер жа ён апынуўся ў цэнтры вялікага ўнутрырасійскага скандалу. Неўзліна падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў.

12.09.2024 / 18:12

Леанід Волкаў і Леанід Неўзлін. Фота: сацыяльныя сеткі

Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) у сваім новым расследаванні сцвярджае, што расійскі мультымільянер, адзін з былых кіраўнікоў ЮКОСа Леанід Неўзлін быў замоўцам замаху на паплечніка Навальнага Леаніда Волкава, які адбыўся ў сакавіку 2024 года. Тады невядомыя збілі Волкава каля яго дома ў Вільні.

Дакументы ўяўляюць сабою перапіску чалавека, які называе сябе Леанідам Неўзліным, з юрыстам, чые даныя супадаюць з юрыстам Анатолем Бліновым, які цяпер пражывае ў Польшчы.

У матэрыяле прыводзіцца шэраг аргументаў на карысць таго, што перапіска з'яўляецца сапраўднай. Акрамя гэтага, некаторыя падрабязнасці гісторыі расказаў Андрэй Матус. Яго называюць «рашалам» — чалавекам, які дапамагае ўрэгуляваць праблемы з праваахоўнымі органамі.

З матэрыялаў перапіскі вынікае, што менавіта Бліноў арганізаваў напад на Волкава па замове Неўзліна.

Першапачатковы план заключаўся ў тым, каб выкрасці Волкава ў Літве і вывезці ў Расію, узгадніўшы гэта з ФСБ.

Падрыхтоўка пачалася ў кастрычніку 2023 года. У пачатку лістапада Бліноў папрасіў у Неўзліна 12 тысяч еўра на арэнду «двух караблікаў», каб вывезці Волкава з Рыгі і даставіць у Санкт-Пецярбург.

Аднак гэты план не спрацаваў. Матэрыялы перапіскі не дазваляюць даць адказ, чаму нічога не атрымалася.

Пасля няўдачы было вырашана паспрабаваць рэалізаваць план у Нью-Ёрку, куды выляцеў Волкаў. Услед за мужчынам накіраваўся нейкі грамадзянін Польшчы, якога наняў Бліноў. Яму была пастаўлена задача як мінімум скрасці дакументы Волкава, максімум — збіць так, каб мужчына трапіў у інвалідную каляску. Аднак зручнага моманту не знайшлі.

Фрагмент перапіскі з абмеркаваннем плану нападу. Скрын відэа: NavalnyRu / YouTube

Толькі ў сакавіку 2024 года план атрымалася рэалізаваць. Аднак, як расказвае Матус, Неўзлін быў незадаволены. Па меркаванні мультымільянера, Волкаў быў збіты недастаткова моцна.

«Вы яго так ад****лі, што я сам магу. Мне трэба было, каб ён вераб'ям да канца жыцця дулі круціў, а вы там яму два сінякі паставілі…», — пераказвае Матус словы Неўзліна.

У выніку выканаўцы не атрымалі абяцаныя $250 тысяч.

Матусу была пастаўлена задача пазбавіцца ад доказаў датычнасці Неўзліна да нападу. Для гэтага ён павінен быў забраць у Блінова і яго памагатых мабільныя тэлефоны. Мужчына гэта зрабіў, але не аддаў іх Неўзліну, а звязаўся з Фондам барацьбы з карупцыяй. Чаму ён гэта зрабіў, невядома.

У Расіі Неўзлін прысуджаны да пажыццёвага зняволення за арганізацыю забойстваў, аднак многія лічаць гэтыя абвінавачванні палітычна матываванымі. Неўзлін лічыць, што Крэмль помсціць яму за спансаванне апазіцыйных партый. Мультымільянер жыве ў Ізраілі, які адмовіўся выдаваць яго Расіі.

У беларускіх каляпалітычных колах выказваліся меркаванні, што Неўзлін фінансуе некаторыя беларускія медыя і палітычныя ініцыятывы, якія выступаюць з крытыкай Святланы Ціханоўскай.

«Гэта такі тыповы бандыцкі прывет ад Пуціна». У Леаніда Волкава дыягнаставалі пералом рукі пасля таго, як на яго напалі ў Вільні

У Польшчы затрымалі двух чалавек, якіх падазраюць у збіцці расійскага апазіцыянера Волкава ў Вільні

Нанятыя беларусам для нападу на Леаніда Волкава палякі пракалоліся на дробязі. Вось як яны сябе выдалі

Nashaniva.com