Беларускам прапаноўваюць віп-шопінг са стылісткай у Італіі. Бонус — інвалід першай групы ў кампаніі. Навошта?
Мінская блогерка, стылістка, галоўная рэдактарка сайта пра моду salon375.by Таццяна Кейзерава прапаноўвае беларускім жанчынам зганяць у буцікі Мілана на шопінг. Кошт уражвае, але ёсць незвычайны бонус — інвалід першай групы. Здагадаецеся, дзеля чаго ў кампанію спецыяльна запрашаюць такога чалавека?
14.09.2024 / 09:00
Таццяна Кейзерава. Фота з яе інстаграму
Кошт тура, які працягнецца менш за тыдзень, — 1600 еўра. У гэту суму ўваходзяць трансфер Мінск-Каўнас, пералёт у Мілан і назад у Літву, 4-зоркавы гатэль у Італіі і тры дні шопінгу ў аўтлетах модных брэндаў у кампаніі стылісткі — самой Таццяны. Яна абяцае, што дапаможа кожнай з удзельніц набыць рэчы, якія будуць пасаваць, а таксама гарманічна спалучацца паміж сабой.
Але ж самае цікавае тое, што блогерка абяцала забяспечыць удзельніцам прыярытэтны праезд праз беларуска-літоўскую мяжу. Прапанова інтрыгуе, асабліва з улікам таго, што людзі праводзяць на мяжы шмат гадзін. Як жа магчыма абысці сістэму?
Адна з чытачак «Нашай Нівы» спытала ў Таццяны, як яна плануе забяспечыць той самы прыярытэтны праезд. І вось які атрымала адказ:
«У нас будзе маршрутка на літоўскіх нумарах і інвалід першай групы».
Рэч у тым, што людзям з інваліднасцю такой ступені дазваляецца праезд праз мяжу без чаргі. Гэтым і хоча скарыстацца арганізатарка шоп-тура.
Хуткі варыянт выехаць у ЕС. Колькі бяруць за перавозку праз мяжу на аўто і матацыклах
Пакістанец не змог пераехаць беларускую мяжу па пашпарце сябра-італьянца
Новы лайфхак ад беларусаў, як не стаяць суткамі ў чарзе на мяжы з Еўрасаюзам