Расія забараніла ўвоз беларускіх прадуктаў. У іх знайшлі кішачную палачку і антыбіётыкі

Абмежаваць пастаўкі беларускай прадукцыі з 16 верасня прыняў рашэнне Рассельгаснагляд.

15.09.2024 / 16:58

Гаворка ідзе пра вырабы прадпрыемства «Белфуд Прадакшн», якое выпускае дзіцячае харчаванне. Расійскі рэгулятар знайшоў у ягонай ялавічыне кішачную палачку, а ў дзіцячых кансервах — антыбіётыкі.

Па дадзеных ведамства, у кансервах з мяса птушкі для дзіцячага харчавання гэтага вытворцы паўторна знайшлі антыбіётык энрафлаксацын.

Тым часам у дачыненні да яшчэ некалькіх беларускіх прадпрыемстваў узмацнілі лабараторны кантроль з-за таго, што знайшлі ў прадукцыі бактэрыі групы кішачнай палачкі і антыбіётык.

Так, паводле звестак Рассельгаснагляду, бактэрыі групы кішачнай палачкі выяўлены ў ялавічыне каўбаснага цэха прадпрыемства «Александрыйскае» і філіяла «Барысаўскі мясакамбінат» Барысаўскага камбінат хлебапрадуктаў Мінскаблхлебапрадукта.

У ялавічыне, вырабленай на прадпрыемстве «Шчучынскі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства» была выяўлена налідыксавая кіслата (антыбіётык).

Узмоцняць кантроль прадукцыі, якая пастаўляецца прадпрыемствам «Жабінкаўскі камбікормавы завод», паколькі ў сухім корме для катоў выявіліся незарэгістраваныя лініі ГМА-кампанента або перавышэнне зарэгістраваных ліній.

Прадукцыя яшчэ аднаго прадпрыемства не прайшла праверку на мікробную бяспеку. Гаворка ідзе пра паўфабрыкаты з мяса птушкі ад філіяла «ЮНІМІТ» ААТ «Смалявічы Бройлер».

Nashaniva.com