Маці траіх дзяцей Дурава назвала Telegram сумесна нажытай маёмасцю і намякнула, што можа падаць у суд
Ірына Болгар у канцы жніўня заявіла, што Дурава пазбавілі бацькоўскіх правоў у Швейцарыі. Тады ж яна падала ў суд на аліменты.
18.09.2024 / 15:13
Павел Дураў з Ірынай Болгар і дзецьмі. Фота: missbolgar / Instagram
Ірына Болгар называе сябе маці траіх дзяцей Паўла Дурава. Паводле яе слоў, яны пазнаёміліся летам 2012 года, а праз паўгода сталі жыць разам.
У снежні 2013-га ў пары нарадзілася дачка Лея, у студзені 2016 года — сын Даніэль, а ў верасні 2017-га — сын Давід. Болгар сцвярджае, што гэтыя дзеці народжаныя ад Паўла Дурава.
Не так даўно жанчына падавала пазовы ў швейцарскі суд — аб выплаце аліментаў і хатнім гвалце. Але, здаецца, гэта не мяжа.
Болгар замахнулася, ні многа ні мала, на Telegram. У вялізным запісе ў Instagram яна назвала кампанію «супольна нажытай маёмасцю».
Жанчына сцвярджае, што была ў адносінах з Дуравым 10 гадоў. Рэгістраваць шлюб, паводле яе слоў, Дураў не хацеў, і ўсю маёмасць, нажытую за гэты час, запісваў выключна на сябе.
«Усе значныя сямейныя актывы былі зарэгістраваныя на яго імя. Я мела да іх доступ праз пагадненні і даверанасці, якія, хоць і дазвалялі іх выкарыстоўваць, не цалкам абаранялі мае правы і інтарэсы і, як аказалася, маглі быць парушаныя ў любы момант.
Мне пастаянна давалі запэўніванні і абяцанні, якім я шчыра верыла, што ў мяне і маіх дзяцей заўсёды будзе доступ да нашых сямейных рэсурсаў, нягледзячы на тое, што наш шлюб не быў афіцыйна зарэгістраваны, а сумесна нажытая маёмасць, уключаючы галоўны актыў — месенджар Telegram — быў зарэгістраваны выключна на яго імя. Я таксама давярала яго абяцанням і запэўніванням, што для дзяцей будуць створаны траставыя фонды, якія гарантуюць іх фінансавую бяспеку», — адзначыла Болгар.
Паводле яе слоў, некалькі гадоў пара патраціла на пошук дарагой нерухомасці, якая магла б стаць прыдатным і пастаянным домам для дзяцей, але гэтая нерухомасць так і не была набытая для Болгар і яе дзяцей.
«У мяне былі завераныя натарыусам бестэрміновыя пагадненні на маё імя, якія даюць мне доступ да банкаўскіх рахункаў і якія даюць права арандаваць любую нерухомасць з абавязацельствам спадара Дурава пакрываць арэнду без часовых абмежаванняў і без абмежаванняў па суме арэнды.
Усе нашы вусныя і пісьмовыя дамоўленасці былі ім парушаныя, а абяцанні засталіся нявыкананымі», — заявіла жанчына.
Болгар намякнула, што можа падаць у суд на прызнанне шлюбу афіцыйным і падзел маёмасці.
«З юрыдычнага пункту гледжання, у некаторых краінах незарэгістраваныя адносіны разглядаюцца як афіцыйныя шлюбы ў дачыненні да маёмасных правоў. У іншых краінах ёсць магчымасць прызнання фактычнага шлюбу афіцыйным. У іншых краінах можна патрабаваць долю сумесна нажытай маёмасці па грамадзянскім заканадаўстве», — лічыць Болгар.
У заключэнне жанчына паразважала аб неабходнасці надання юрыдычнага статусу незарэгістраваным адносінам.
«У сучасным свеце, дзе інстытут шлюбу становіцца менш актуальным, узнікае ўсё большая неабходнасць у забеспячэнні прававой абароны ўдзельнікаў фактычных сямейных адносін. І пакуль некаторыя краіны ўжо вырашылі гэтую праблему, іншым людзям даводзіцца змагацца за свае правы ў судзе», — адзначыла Болгар.
Сам Павел Дураў публічна не каментаваў выказванні жанчыны, а таксама яе судовыя пазовы. Цяпер прадпрымальнік знаходзіцца пад судовым наглядам у Парыжы.