Памятаеце правакатара і даносчыка Яўгена Какойту? Ён цяпер таксама палітвязень

Падобна, што жыхар Гомеля Яўген Катляроў (ён жа Яўген Какойта і Мікіта Канцавы) ужо паўгода за кратамі. Раней ён падманваў незалежныя медыя, жорстка праходзіўся па прыхільніках зменаў і пісаў даносы. А цяпер яму пагражае да чатырох гадоў калоніі — абодва артыкулы, якія яму інкрымінуюцца, палітычныя.

18.09.2024 / 20:03

Яўген Катляроў. Фота з ягонага фэйсбуку

Яўгену Катлярову 48 гадоў. Ён гамяльчук. Мяркуючы па адкрытай інфармацыі, да затрымання працаваў кіроўцам.

Яўген Катляроў узяў сабе псеўданім «Какойта». Перадусім ён вядомы правакацыямі і спробамі ўкінуць дэзынфармацыю ў незалежныя медыя. Час ад часу гэта ўдавалася — ён даваў фэйкавыя інтэрв'ю «Белсату» і «Зеркалу», а таксама супрацоўнічаў з блогерам Юрыем Церахам, які ўзяў сабе мянушку «Людажэр».

Катляроў спрабаваў расказваць фэйкавыя гісторыі быццам бы ўласных затрыманняў, супрацоўнічаў з іншымі праўладнымі правакатарамі ў Гомелі. А ў 2019 праводзіў пікет, каб высмеяць незалежных кандыдатаў у дэпутаты.

У ліпені 2020 года ён распаўсюдзіў фэйк пра тое, што Ціханоўскі трапіў у бальніцу. Тады абураныя падпісанты прыехалі ў бальніцу з патрабаваннем, каб ім паказалі блогера, але неўзабаве выкрылася, што Ціханоўскі не там, а за кратамі.

А 9 жніўня 2020 ён напісаў данос на журналіста Андрэя Толчына, якога ў 2023 годзе арыштавалі за працу аператарам. «Кампанія Белсат (журналіст Толчын), не зарэгістраваная, праводзіць апытанне», — сказаў падчас званка ў міліцыю Катляроў.

А ў 2021 годзе ён даваў паказанні на праваабаронцу Леаніда Судаленку. «У СК супраць мяне даў паказанні Яўген Катляроў, які галаслоўна абвінаваціў мяне ў арганізацыі ўсіх пратэстаў у Гомелі. Гэтыя ягоныя паказанні чалавек у мантыі суддзі паклаў у аснову абвінавачвання ў прысудзе, а яго трое калег з апеляцыйнага суда іх зацвердзілі. У абодвух выпадках служыцелі Феміды адхілілі маё хадайніцтва аб допыце Катлярова, але, відаць, у іх была іншая задача — засудзіць мяне любой цаной», — пісаў Леанід з-за кратаў.

Яўген Катляроў. Фота з ягоных сацсетак

Але і ў самога Катлярова з'явіліся праблемы. Летась ён распыліў слезацечны газ і быў затрыманы. За гэта ў ліпені 2023 яго асудзілі па адміністратыўным артыкуле — за «нанясенне цялесных пашкоджанняў». А пасля — яшчэ двойчы, за «дробнае хуліганства» і «ўхіленне ад яўкі ў суд».

Перыядычна Катляроў нават крытыкаваў улады. Напрыклад, пасля сустрэчы з намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама Бараноўскім у лістападзе 2023 напісаў, што «змагары мелі рацыю, уладу трэба дзяўбсці і дзяўбсці».

У студзені 2024 года яму далі штраф за «распаўсюд экстрэмізму».

У сакавіку 2024 ён напісаў у адміністрацыю Лукашэнкі ліст, каб запытацца пра тое, ці законна мець татуіроўку з Пагоняй — ён акурат набіў сабе такую. Пасля Катляроў заявіў, што ў яго праблемы, ім раптам зацікавіліся сілавікі, а яму пагражае затрыманне.

Апошнія публікацыі ў сацсетках ён рабіў 21 сакавіка 2024 года. А пасля гэтага адусюль знік. У тэлеграме ён не анлайн «вельмі даўно».

Скрыншот акаўнта Яўгена ў тэлеграме

30 верасня 2024 года Яўгена Катлярова пачнуць судзіць у Навабеліцкім судзе Гомеля. Катлярова абвінавачваюць па двух артыкулах — «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «абраза прадстаўніка ўлады» (ч. 1 арт. 369 КК). Гомельскаму правакатару пагражае да чатырох гадоў калоніі са штрафам.

Яўген Катляроў. Фота з ягоных сацсетак

Гомельскія праваабаронцы ўжо напісалі, што ў выпадку, калі яму прысудзяць пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, то яго прызнаюць палітвязнем.

Правакатар з Гомеля спрабуе падмануць незалежныя СМІ. Часам атрымліваецца

Сумнавядомы гомельскі правакатар распыліў слезацечны газ і быў затрыманы

Памятаеце камуніста Цюхая, адыёзнага функцыянера БРСМ? Яго судзяць за здраду дзяржаве — да 25 гадоў зняволення

Nashaniva.com