Сікорскі прапанаваў перадаць Крым на 20 гадоў пад мандат ААН
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, выступаючы на форуме «Ялцінская еўрапейская стратэгія» ў Кіеве 13-14 верасня, падкрэсліў, што няма «ніякай магчымасці дасягнення міру без дэмілітарызацыі Крыма», піша «Інтэрфакс-Украіна».
19.09.2024 / 21:18
Радаслаў Сікорскі. Фота: Antoni Iwanczuk/SOPA Images/LightRocket via Getty Images
Сікорскі адзначыў, што акупаваны Крым «адыгрывае ключавую ролю ў магчымых перамовах паміж Украінай і Расіяй, і адным з варыянтаў магла б стаць перадача паўвострава пад міжнародны мандат ААН».
«Мы маглі б перадаць яго пад мандат ААН з місіяй па падрыхтоўцы справядлівага рэферэндуму пасля праверкі тых, хто з’яўляецца законнымі жыхарамі, і таму падобнае. […] І мы маглі б адкласці гэта на 20 гадоў».
Кіраўнік МЗС Польшчы таксама выказаў меркаванне, што Захад і, у прыватнасці, ЗША дапусцілі вялікую памылку, сказаўшы Кіеву не ваяваць у Крыме ў 2014 годзе.
«Калі б украінцы ваявалі ў Крыме, хоць і сімвалічна, ён [Уладзімір Пуцін] магчыма, не адважыўся б на Данбас», — растлумачыў сваю пазіцыю Сікорскі.
Украінскія агенцтвы, якія распаўсюдзілі заяву Сікорскага, не прыводзяць рэакцыі іншых удзельнікаў той дыскусіі на прапанову міністра. Ва Украіне ж і Расіі на яе адрэагавалі адмоўна.
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак заявіў з гэтай нагоды:
«Крым — гэта Украіна. Расія парушыла міжнароднае права і павінна адказваць за гэта».
Супраць нават патэнцыйнага такога развязання праблемы выказаўся і Меджліс крымскататарскага народа:
«Згодна з нацыянальным заканадаўствам Украіны і міжнародным правам «законнымі жыхарамі» Крыма з'яўляюцца выключна грамадзяне Украіны і асобы, якія законным чынам аформілі сваё пастаяннае або часовае прабыванне на ўкраінскай тэрыторыі, што пацвярджаецца ва ўстаноўленым украінскім заканадаўствам парадку. Таму любыя іншыя спробы ўсталявання законнасці пражывання чалавека ва ўкраінскім Крыме непатрэбныя і недарэчныя», — падкрэсліваецца ў заяве прэзідыума Меджліса, апублікаванай 19 верасня.
З расійскага ж боку выказаўся, у прыватнасці, сенатар Андрэй Клімаў:
«Гэта немагчыма, бо ў Радзе бяспекі ААН у Расіі ёсць права вета, а, самае галоўнае, згодна з Канстытуцыяй Расіі, усё ўжо даўно вызначана, і яна мае для нас вышэйшую каштоўнасць».
Эрдаган: Вяртанне Крыма Украіне — патрабаванне міжнароднага права
«У Беларусі сітуацыя зменіцца толькі пасля таго, як яна зменіцца ў Расіі» — Радаслаў Сікорскі
Сікорскі: Польшча абавязана збіваць расійскія ракеты над Украінай