Столтэнберг: Самы хуткі спосаб скончыць вайну — прайграць яе. Але гэта прынясе не мір, а расійскую акупацыю

«Мы павінны размаўляць з нашымі суседзямі, як бы цяжка гэта ні было. Але дыялог дзейнічае толькі тады, калі ён падмацаваны моцнай абаронай».

20.09.2024 / 14:57

Енс Столтэнберг. Фота: AP Photo / Andreea Alexandru

Выступаючы на мерапрыемстве Нямецкага фонду Маршала «Рэфлексіі на складанае дзесяцігоддзе», генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг адзначыў, што адным з урокаў мінулага, якія з'яўляюцца цэнтральнымі для поспеху НАТА ў будучым, заключаецца ў тым, што «вайсковая магутнасць з'яўляецца перадумовай для дыялогу».

«Мы павінны размаўляць з нашымі суседзямі, як бы цяжка гэта ні было. Але дыялог працуе толькі тады, калі ён падмацаваны моцнай абаронай», —

сказаў Столтэнберг і адзначыў, што прыклад Украіны гэта наглядна паказвае.

«Мы ўсе хочам, каб гэтая вайна скончылася. Самы хуткі спосаб скончыць вайну — прайграць яе, але гэта прынясе не мір, а расійскую акупацыю», — падкрэсліў генеральны сакратар альянсу.

Па словах Столтэнберга, Пуцін лічыць, што можа дасягнуць сваіх мэт ваенным шляхам і «верыць, што можа перачакаць нас».

«Я не веру, што мы можам змяніць меркаванне Пуціна. Але я веру, што мы можам змяніць яго разлік», —

сказаў Столтэнберг і патлумачыў, што пастаўкі большай колькасці зброі Украіне могуць прымусіць Пуціна зразумець, што сілай ён не атрымае тое, чаго хоча.

«Парадокс заключаецца ў тым, што чым больш зброі мы зможам паставіць Украіне, тым большая імавернасць таго, што мы зможам дасягнуць міру. Чым мацнейшая наша доўгатэрміновая падтрымка Украіны, тым хутчэй можа скончыцца вайна», — падкрэсліў Столтэнберг.

Генеральны сакратар НАТА адзначыў, што Расія павінна ўдзельнічаць у будучых мірных перамовах. Вядома, што Мінскія пагадненні пасля ўварвання Расіі ў 2014 годзе міру не прынеслі. Таму любая будучая дамоўленасць павінна быць падмацавана моцнай падтрымкай Украіны і надзейнымі гарантыямі бяспекі, каб забяспечыць трывалы мір.

«Не можа быць устойлівай бяспекі ў Еўропе без стабільнай Украіны. І не можа быць бяспекі для Украіны без яе членства ў НАТА. Дзверы ў НАТА адкрыты. Украіна далучыцца», — сказаў генеральны сакратар альянсу.

Енс Столтэнберг таксама заявіў, што краінам НАТА ўжо недастаткова выдаткоўваць 2% ВУП на абарону для выканання ўзгодненых планаў і заклікаў краіны альянсу павялічыць інвестыцыі ў яе.

Столтэнберг: Наступ УСУ пад Курскам законны

Еўропа павінна быць гатовая да дзесяці гадоў вайны ва Украіне — генеральны сакратар НАТА

Столтэнберг: Расія не здатная на «значныя прарывы» ва Украіне

Nashaniva.com