Стоўбцы, кар'ера ў гандлі, татуіроўкі. Пазнаёміліся з Вольгай Зазулінскай, магчымай міністаркай па сацыяльнай палітыцы

Святлана Ціханоўская намінавала кіраўніцу фонду «Краіна для жыцця» на пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета. Гэта месца вызвалілася пасля звальнення Вольгі Гарбуновай. Наўрад ці нешта Зазулінскай перашкодзіць заняць міністэрскае крэсла — букмекеры наўрад ці прымалі б стаўкі на гэта, — але фармальна яна яшчэ не зацверджаная канчаткова. Таму мы адразу дамовіліся, што размаўляць будзем найперш пра асабістае, зробім гутарку-знаёмства.

20.09.2024 / 18:12

Вольга Зазулінская. Тут і далей фота з архіва гераіні

Вольга Зазулінская — кіраўніца фонду «Краіна для жыцця», каардынатарка праекта дапамогі сем'ям палітзняволеных, суарганізатарка службы «Хуткай гуманітарнай дапамогі».

Была назіральніцай на выбарах у жніўні 2020 года, валанцёркай у лагеры медыкаў на Акрэсціна. Восенню 2020 года была затрыманая супрацоўнікамі КДБ, а пазней асуджаная па адміністратыўным артыкуле 23.34. Пасля пагроз членам сям’і ў лістападзе 2020-га прыняла рашэнне разам з дзецьмі з'ехаць з Беларусі.

«Наша Ніва»: Як адбывалася ваша вылучэнне на пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы?

Вольга Зазулінская: Маю кандыдатуру вылучылі мае калегі — партнёры. Я ведаю, што была не адзінай прэтэндэнткай.

Мне складана сказаць, як ацэньвалі канкрэтна мяне, таму што ў мяне свой асаблівы шлях у рамках «Краіны для жыцця»: я не была кіраўніцай фонду першапачаткова. Прыйшла на пазіцыю капірайтара ў 2021 годзе, потым узначаліла кірунак дапамогі палітвязням — мы яго зрабілі з нуля, і ён працуе да сёння. Толькі праз два гады з моманту адкрыцця фонду я стала яго кіраўніцай. Відаць, тут бачны шлях росту. На сёння я магу сказаць, што ў мяне як у менеджара арганізацыі (менавіта так я сябе называю) атрымалася пабудаваць моцную каманду.

«НН»: Вашу кандыдатуру канчаткова намінавала Святлана Ціханоўская, накіраваўшы ў Каардынацыйную раду ліст з просьбай арганізаваць слуханні па тэме. Памятаеце, як вы пазнаёміліся са Святланай, якія ў вас стасункі — сяброўскія ці рабочыя?

ВЗ: У нас з ёй рабочыя стасункі. Першы раз я ўбачыла Святлану ў свой стартавы рабочы дзень у фондзе «Краіна для жыцця», куды прыйшла працаваць капірайтарам.

Святлана — яна вельмі кантактная. Ніколі не ўмешваецца ў саму працу, але ёй заўсёды цікава, што за людзі ў тым жа фондзе. Ёй важна, каб тое, што рабіў Сяргей, працавала, каб фонд, які носіць адну назву з яго каналам, рабіў сваю справу добра, бо гэта агульная рэпутацыя.

Разам са Святланай Ціханоўскай

«НН»: Нават на пасадзе кіраўніцы фонду вы казалі, што часам бывае цяжка, на мяжы выгарання. Як вы плануеце арганізоўваць сваю працу, калі з’явяцца новыя абавязкі, ёсць нейкі план?

ВЗ: Я ніколі не люблю загадваць наперад. Пакуль маю кандыдатуру не ўхвалілі. Ведаю напэўна адно: я стварыла такую каманду, якая можа працаваць аўтаномна і без маёй прысутнасці.

«НН»: Вольга Гарбунова звольнілася ў тым ліку таму, што стамілася ад пераконвання дэмакратычных сілаў у сваім бачанні ратавання палітвязняў і жаданні аддзяліць «палітычнае» ад «гуманітарнага». У вас такіх перажыванняў, страхаў не ўбудавацца няма?

ВЗ: Мне падаецца, наша праблема часам у трансляцыі таго, што мы кажам. Чалавек хоча сказаць адно, але недастаткова добра гэта фармулюе. Калі мы кажам канкрэтна пра тэму палітвязняў, то тут у самім азначэнні ёсць частка «палітычныя». Падзяліць гэтыя два трэкі немагчыма: вызваленне палітвязняў немагчымае без палітыкаў. Прычым не толькі з нашага боку, але і з боку міжнароднай супольнасці.

Я ўспрымаю Кабінет як стратэгічны цэнтр, які павінен браць экспертызу ад супольнасці. Ад тых, хто працуе непасрэдна з сем’ямі палітзняволеных, з былымі вязнямі. Каб працэсы ішлі не зверху ўніз, а наадварот. Тое, што мы робім увесь час у фондзе — даём сваю экспертызу палітыкам. Каб любая інфармацыя, якая будзе агучвацца, была падмацаваная канкрэтнымі лічбамі і фактамі. Для мяне такая мадэль прымальная, а не падыход «вось я тут прыйшоў і цяпер усё павырашаю, настрою, бо да гэтага нічога не працавала».

Усё даўно працуе, проста трэба навучыцца ўзаемадзейнічаць з экспертнымі супольнасцямі, іх жа вельмі шмат.

Але агулам сацыяльная палітыка — гэта не толькі палітвязні, важна не забываць пра гэта.

«НН»: У справе працы з супольнасцямі вы гатовыя выбудоўваць наноў дыялог з усімі ініцыятывамі? З тымі, з кім нават быў канфлікт праз розныя погляды на працу па тэме палітвязняў?

ВЗ: Я сама ні з кім не сварылася. Я думаю, што ў нас усіх адна задача: палітзняволеныя павінны выйсці на волю.

Я пастаянна чую ў полі, што для гэтага павінна быць адна стратэгія. Не, не павінна. Стратэгій можа быць некалькі, галоўнае — эфектыўнасць, і каб мы не перашкаджалі адно аднаму рабіць сваю працу.

Менш абвінавачванняў. У мяне ёсць любімая прымаўка: шчасце любіць цішыню.

«НН»: Вы вымушана і аператыўна разам з дзецьмі пакідалі Беларусь у лістападзе 2020-га пасля допыту ў КДБ, раскажыце, чым яны сёння займаюцца ў Літве?

ВЗ: Тады быў яшчэ лакдаўн, таму ўсё было вельмі складана. Акрамя таго, у нас не было віз і асабліва грошай. Што было, я пакінула ўнутры краіны, бо ў мяне бабуля з інваліднасцю, мне трэба было забяспечыць ёй нейкі догляд.

Літва нам дала гуманітарны калідор, арганізацыя «Дапамога» арганізавала сам выезд і бясплатнае жытло на першы час.

Сыну на той момант было 20, ён адразу пайшоў на будоўлю, рабіць унутраныя аздабленчыя працы. Малодшая дачка — фігурыстка і спартсменка, для яе ад’езд стаў вялікай траўмай. Уявіце, дзяўчынка, якая яшчэ ў 6:30 раніцы сышла на трэніроўку як звычайна, рэзка апынулася на літоўскай мяжы з канькамі за плячыма.

Ёй было вельмі складана, яна амаль год змагалася з панічнымі атакамі. Час ад часу, яны з’яўляюцца і сёння.

У спорце мы спрабавалі аднавіцца і ў Літве, каталіся. Я працавала на дзвюх-трох працах, прыбірала кватэры і нумары ў гасцініцах, каб аплачваць трэніроўкі. Яна аднавіла форму, і першы час на спаборніцтвах дачку падпісвалі «Анастасія Зазулінская, Беларусь», а потым сказалі, што гэта ўжо немагчыма.

А гэта дзяўчынка, якая ўсё жыццё трэніравалася з адной марай — стаць чэмпіёнкай Беларусі. Ёй было вельмі балюча. Яна згубіла для сябе арыентыр. Дачка зразумела, што ёй трэба быць на тры галавы вышэй, каб яна, беларуска, стаяла ў прыярытэце ў чужой краіне. Таму ў мінулым годзе яна сышла са спорту, прыняўшы рашэнне адным днём, наўпрост напярэдадні спаборніцтваў.

Гэта быў стрэс для ўсё сям’і, бо яна з 3,5 года займалася фігурным катаннем. Але тады для яе я выбрала гэты спорт, цяпер гэта яе выбар, які я паважаю.

Цяпер дачка навёрствае прапушчанае за гады трэніровак і спаборніцтваў, відаць. Проста сябруе, жыве нармальным падлеткавым жыццём і думае пра тое, кім хоча быць далей. Пакуль яна агучвае ідэю стаць трэнерам па фігурным катанні.

«НН»: Пасля навіны пра вашу намінацыю ў прапагандзе пайшлі размовы пра тое, што фонд не застанецца без нагляду, бо за ім стане прыглядаць ваш сын…

ВЗ: Мой сын не мае дачынення да фонду «Краіна для жыцця». Ён ніколі ў ім не працаваў (магчыма, вельмі даўно пісаў нейкія тэксты толькі). Гэта ўсё пра тое, што ў некаторых людзей няма разумення, што такое медыягрупа «Краіна для жыцця», што такое фонд «Краіна для жыцця» і што такое грамадскі рух «Краіна для жыцця». Гэта тры розныя кірункі, не звязаныя паміж сабой юрыдычна. Але мы ўсе паміж сабой камунікуем, бо нас аб’ядноўвае брэнд Сяргея Ціханоўскага. Ён яго прыдумаў.

Глеб вядзе рубрыку на ютубе «Краіны для жыцця». Уласна кажучы, гэты досвед падштурхнуў яго да таго, каб развівацца ў медыя далей. Ён таксама працуе на радыё LRT.

Пры тым што ў Беларусі займаўся зусім іншым. Нейкі час Глеб таксама быў у спорце: футбол, пасля бокс. Хацеў паступіць у Інстытут фізкультуры на псіхолага, але не прайшоў камісію па зроку. Я тады прапанавала: пойдзем на платнае. Якраз у педуніверсітэце адкрылі факультэт практычнай псіхалогіі, і там можна было вучыцца завочна. Але гэта такое дзіця — чым я бязмежна ганаруся, — якое сказала мне: я буду сам аплачваць навучанне. І ён пачаў зарабляць тым, што правяраў спраўнасць сігналізацый.

«НН»: Вы родам са Стоўбцаў. Якая першая асацыяцыя з родным горадам?

ВЗ: Якуб Колас.

Насамрэч самае важнае для мяне — не само месца, дзе я нарадзілася і пражыла, а мой дом і сям’я. На жаль, мая маці памерла. Пры гэтым з любімай бабуляй мы не камунікуем, таму што яна ў Беларусі, і я хачу максімальна яе засцерагчы. Калі я з’ехала, да яе доўга прыходзілі з пытаннямі, хаця ўсе разумелі, што мяне няма ў краіне. Я вельмі па ёй сумую. Для мяне дом — гэта яна, я яе вельмі люблю.

«НН»: У сталіцу са Стоўбцаў вы па класіцы паехалі па большыя перспектывы?

ВЗ: У маленькім горадзе, на жаль, мала магчымасцяў, таму ў Мінск з’язджалі і я, і мой брат. Ты заўсёды шукаеш для сябе, дзе зможаш зарабіць больш, каб сябе забяспечыць.

Мне падабаўся рытм Мінска, там я жыла з 18 год, там выйшла замуж.

Але насамрэч яшчэ раней прыязджала ў сталіцу на выходныя. Справа ў тым, што маці нас выхоўвала адна. Потым цяжка захварэла, і асноўныя абавязкі па нашым выхаванні ляглі на бабулю. Грошы ў нашай сям’і заўсёды эканомілі на ўсім, інакш проста не выжылі б.

І недзе ў год 16 я пачала ганяць у Мінск на падпрацоўкі. Прасілася ва ўмоўную палатку з касметыкай сартаваць тавар. І была бязмежна шчаслівая, таму што заробленага хапала на транспарт туды-назад, даць бабулі на прадукты і часам сабе нешта купіць — памаду там, туфлі. Я ж дзяўчынка, мне хацелася быць прыгожай.

«НН»: З пераездам вы працягнулі кар’еру ў гандлі? Чым канкрэтна займаліся?

ВЗ: Спачатку я думала быць мадэльерам. Потым журналісткай. Але не прайшла, не паступіла.

Мая маці марыла, каб я была ці бухгалтарам, ці юрыстам. Я не хацела быць ні першым, ні другім, але скончыла бухгалтарскія курсы, бо вельмі любіла сваю маці. Пры гэтым пасля шмат год усё роўна не працавала па прафесіі, бо гэта ўсё падавалася мне сумным.

Пасля я адвучылася на прадаўца. І гэта якраз тое, што мне падабалася страшэнна! Ёсць стэрэатып: маўляў, што там нейкі прадавец… Але каб быць добрым прадаўцом, ты павінен пастаянна развівацца. Аднойчы мяне ўзялі працаваць у Мінску ў вельмі прэстыжную краму абутку. Калі я прыйшла на сумоўе, там быў конкурс сем чалавек на месца. У мяне не было ніякага досведу, але ў выніку мяне ўзялі. Працадаўцу спадабалася, што ў адказ на пытанне, чаму мяне павінны ўзяць, я адказала: таму што я найлепшая. Я вельмі ўдзячная таму чалавеку, ён адкрыў мне ўсё пра прафесію прадаўца.

Я працавала ў гэтай сферы да 2018 года. У нейкі момант у мяне было і ІП, як прадпрымальніца я таксама абутак прадавала. Ведала па гэтай тэме ўсё: ад вычынкі скуры да ўсіх відаў канструкцый абутку.

А ў 2018 годзе мама захварэла на анкалогію. Гэта здарылася адным днём, мне трэба было яе даглядаць. Маці пражыла яшчэ паўгода пасля таго. Пабачыўшы на свае вочы, як у нас людзі робяцца непатрэбныя дзяржаве ў такіх сітуацыях, я вырашыла, што сама хачу дапамагаць ратаваць жыцці. Быць датычнай да гэтага. Раней я ўжо, здаралася, валанцёрыла, удзельнічала ў пэўных зборах. А тут захацела пагрузіцца ў гэтае поле цалкам. Пайшла працаваць у дзіцячы фонд па дапамозе хворым дзеткам. Паралельна, каб мець грошы на жыццё, зноў вярнулася да бухгалтарства, бо ў дабрачыннасці ў Беларусі заробкі смешныя.

Дабрачыннасць — гэта заўсёды пра нейкую асабістую траўму. Мы прыходзім яе прапрацоўваць. У маім выпадку я вельмі моцна сябе вінаваціла, што, магчыма, не ўбачыла ў патрэбны момант, што адбываецца з маці, што я недастаткова ўважлівая дачка. Я вельмі доўга працавала з псіхолагам, каб выйсці з гэтага стану.

А калі здарыўся ўжо 2020 год, дзе яшчэ я магла быць, як не там, дзе патрэбная дапамога людзям?

«НН»: Вы пераязджалі за мяжу толькі з дзецьмі, без мужа?

ВЗ: Мы развяліся ў 2021 годзе, калі я была ў эміграцыі. У 2020-м я была моцна пагружаная ў тое, што адбывалася. Мая сям’я мяне практычна не бачыла дома. Спачатку была перадвыбарчая кампанія, потым — назіральніцтва на выбарах, потым валанцёрства ля Акрэсціна. Потым трэба было ехаць у рэгіёны — падтрымліваць актывістаў у маленькіх гарадах, плюс на раёне нашы актыўнасці…

Аказалася, што мы жылі разам, але па-рознаму глядзім на нейкія рэчы. Муж ніколі не разумеў, чаму я магу аддаць чалавеку ўсё, калі таму патрэбная дапамога. Ці як магу сарвацца сярод ночы ў Віцебск, каб арганізоўваць там дабрачынны кірмаш для нейкай дзяўчынкі.

«НН»: Вы не так даўно набілі сабе чатыры татуіроўкі, раскажыце, пра што яны?

ВЗ: Першае тату я зрабіла ў 42 гады. Марыла ўсё жыццё, але не рашалася раней. Гэта былі валошкі з арнаментам — палічыла, што гэта якраз тое, што я хачу насіць на сваім целе. Што звязвае мяне з Беларуссю.

Наступная «23.34» — вядомы артыкул КоАП. Для мяне гэта пра тое, каб не забыць пра наш шлях. Расказваць пра яго, як мне некалі ў дзяцінстве расказвала прабабуля. Яна перажыла і Другую сусветную вайну, і грамадзянскую, і пабег ад галадамору з Украіны ў Беларусь. Пасля вайны па прычыне таго, што яна жыла на акупаванай тэрыторыі, дадаткова адчула на сабе ўсе «хароствы» працы НКУС, які ненавідзела ўсё жыццё разам з савецкай уладай.

У мяне набіты таксама контур Беларусі з чырвонай паласой. Многія асацыююць гэта са сцягам. Для мяне гэта не толькі пра яго, а яшчэ пра крывавы след, які цяпер пакідае Беларусь. Я зрабіла гэтую татуіроўку, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, паколькі маю ўкраінскія карані. Для мяне гэта боль. Ёсць дзве краіны, якія я люблю. У адну ездзіла кожнае лета, другая — мая радзіма. А цяпер крывавы след па ўсёй краіне пакідаюць тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе.

Адна з чатырох татуіровак Вольгі.

Чацвёртая татуіроўка на латыні — надпіс «Свабода найвышэй за ўсё». Гэта мой арыентыр, тое, з чым я іду па жыцці. Калі чалавек свабодны, усё ў жыцці інакш. Без свабоды вакол бяда.

«Жонка ўзяла ў арэнду на Занзібары малюсенькі гатэль». Сяргей Дубавец расказаў, чым займаецца ў свае 65

Беларуская блогерка працавала на расійскай апазіцыйнай фабрыцы ботаў, а пасля зліла дакументы?

«Гандаль людзьмі? Палітзняволеныя самі просяць, каб нехта іх ужо купіў». Маналог Яўгеніі Доўгай

«У Мінску за месяц $1000 зарабляў на здымках». Інтэрв'ю з Андрэем Ткачовым — пра жыццё ў Кіеве, беларускіх медыкаў, ганарары мадэлі і сарамлівасць

Nashaniva.com