Эксперт па нерухомасці палічыла, колькі трэба «не есці і не піць», каб купіць аднапакаёўку ў Мінску

Эксперт па нерухомасці палічыла, колькі заробкаў трэба сярэднестатыстычнаму беларусу, каб набыць аднапакаёвую кватэру ў Мінску, піша Telegraf.news.

25.09.2024 / 08:59

Аднапакаёвая кватэра ў мінскім пяціпавярховіку каштуе каля 150 тысяч рублёў. Сярэдні заробак пасля выліку абавязковых падаткаў у сталіцы — 2670 рублёў. З гэтага вынікае: каб купіць аднапакаёўку ў Мінску, беларусу спатрэбіцца 56,18 заробка.

«Гэта значыць адзінокі чалавек павінен 5 гадоў не есці і не піць, каб сабраць на аднапакаёўку. Такі паказчык ва ўсім свеце лічыцца добрым і кажа пра тое, што жыллё ў Мінску ў прынцыпе даступнае. На жаль, не есці і не піць — не варыянт, а значыць, працэс назапашвання расцягваецца на 15 гадоў», — падсумавала спецыяліст Наталля Літоўская ў сваім тэлеграм-канале.

Колькі трэба зарабляць, каб купіць кватэру ля метро?

Раней эксперт па нерухомасці паказала на рэальным прыкладзе, колькі трэба зарабляць беларусам, каб купіць аднапакаёвую кватэру ў Мінску, ды яшчэ і побач з метро. Усё пачалося з пытання падпісчыка.

«Самотны чалавек, назапашванняў — 10 тысяч даляраў. На чарзе не стаіць. Хацеў бы хоць якую кватэру ля метро. Маўляў, рукі з правільнага месца, змагу ўладкавацца. Якую зарплату трэба мець, каб вырашыць гэтае пытанне?» — апісала эксперт просьбу аднаго з падпісчыкаў дапамагчы з разлікамі неабходнага заробку для набыцця кватэры ў Мінску.

Паводле яе слоў, пры такім раскладзе кватэры будуць каштаваць недзе 50 тысяч даляраў. Для прыкладу яна прывяла прадаванае другаснае жыллё з раздзельным санвузлом недалёка ад метро «Міхалова».

«Увогуле, нашаму адзінокаму трэба дзесьці дабраць 40 тысяч даляраў. Або 128 тысяч рублёў. Па крэдыт ідзем у дзяржбанк. Там ёсць крэдыт на другаснае на 20 гадоў пад 15% гадавых. Даход павінен быць большы за 3050 рублёў», — адказала эксперт, аднак зрабіла агаворку, што крэдытны калькулятар не дае гарантыі атрымання крэдыту.

«Але давайце шчыра — крэдытны калькулятар лічыць упрытык. І ў рэальнасці банк гэтую суму пры зарплаце ў 3051 рубель, хутчэй за ўсё, не дасць. Банку трэба будзе паказаць хоць бы 3500 чыстымі, і яшчэ прывесці паручыцеля з выдатным прыбыткам», — падсумавала Наталля Літоўская. Паводле яе слоў, лепш бы кандыдату на куплю кватэры стаяць у чарзе «хоць у аддаленым ад Мінска райцэнтры». Бо гэта дало б яму права на атрыманне крэдыту пад 12,5%. Нават на куплю жылля ў сталіцы.

У выніку мужчына мог бы прэтэндаваць на максімальны плацёж па крэдыце ў раёне 1869 рублёў, а не 2136. «І заробку ў 3050 рублёў хапіла б для банка (хоць паручыцеля ўсё роўна давялося б прывесці)», — удакладніла Наталля Літоўская.

Nashaniva.com