У Беларусі ўспышка пнеўманій, у бальніцах шмат пацыентаў
Дактары дзеляцца з «Нашай Нівай» сваімі назіраннямі: сёлета выпадкаў захворванняў на Covid-19 значна больш, чым было ў аналагічны перыяд мінулага года.
26.09.2024 / 07:00
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Летам стала шмат пацыентаў з пнеўманіяй, што не характэрна для гэтага часу
Гэтым летам у бальніцы трапляла шмат людзей з пнеўманіяй.
«Па назіраннях, пік пачаўся ў жніўні. Звычайна спачатку людзі скардзяцца на агульнае недамаганне, кашаль, тэмпературу каля 38, якая не спадае цягам 3-5 дзён. У некаторых праяўляюцца ваніты і млоснасць», — тлумачыць доктар, які працуе ў бальніцы.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Telegram @uvdgomel
Па словах дактароў, тэсты далёка не заўсёды вызначаюць, што ў чалавека менавіта кавід, але па ўсіх сімптомах відаць, што гэта ён.
Таксама суразмоўца адзначае, што такая колькасць пнеўманій, якая назіралася гэтым летам, не характэрная для гэтага перыяду.
«Да кавіду цяпер у прынцыпе ставяцца як да грыпу. У выпадках, калі тэст не пацвярджае дыягназ, пацыентам ставяць дыягназ грып. Цяпер агулам стаўленне да кавіду не такое, як было 2-3 гады таму, бо ўсе разумеюць, што ён нікуды ўжо ад нас не дзенецца».
Нягледзячы на тое, што колькасць захворванняў з пнеўманіяй вялікая, доктар адзначае, што смяротнасць, на шчасце, ад цяперашніх штамаў нізкая. Але вірулентнасць у іх вельмі высокая, нярэдка ў сем'ях хварэюць адразу па некалькі чалавек.
«Таксама можна адзначыць, што калі раней дзеці хварэлі на кавід значна радзей, то цяпер аднолькава шмат выпадкаў як сярод дарослых, так і сярод дзяцей».
Доктар з паліклінікі таксама пацвярджае, што недзе з другой паловы лета пачаў назірацца рост захворванняў. Але паколькі масавае тэставанне ўжо не практыкуюць, вызначыць рэальную колькасць хворых на кавід немагчыма.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Сярод тых, хто хварэў на пнеўманію, былі і публічныя людзі. Напрыклад, спявак Іван Зданюк у жніўні расказваў у сацсетках, як у апошнія дні адпачынку ў Турцыі ў яго трымалася тэмпература 39,7. Стан Івана быў такі, што ў мінскім аэрапорце яго чакала машына хуткай дапамогі. Перад выступленнем у Лідзе на свяце горада дактары зрабілі яму ўкол, каб атрымалася выйсці на сцэну. Амаль адразу пасля канцэрта спевака забралі ў бальніцу з пнеўманіяй.
На пнеўманію скардзілася таксама папулярная беларуская блогерка, заснавальніца ўласнай клінікі жаночага здароўя ў Мінску F-clinic Наталля Федзюковіч. Яна паказвала ў сацсетках, як у перапынках паміж кліенткамі дыхае кіслародам.
Афіцыйная інфармацыя ад Мінздароўя
Пра рост захворванняў на кавід згадваюць і на афіцыйным узроўні. Загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў заявіў, што ў краіне адзначаецца павелічэнне колькасці выпадкаў захворвання Covid-19. Ігнатаў звязаў гэта з надыходам восеньскага сезону.
А што ў суседзяў?
Падобныя тэндэнцыі назіраюцца і ў суседніх краінах. Так, напрыклад, напрыканцы жніўня галоўны санітарны інспектар Польшчы Павел Гжашчэўскі выступіў з парадамі вяртацца да практыкі нашэння масак. Такія заявы ён абгрунтаваў тым, што ў краіне назіраецца імклівы рост захворванняў на кавід.
Згодна са справаздачамі Міністэрства здароўя Польшчы, рост заражэння пачаўся ў ліпені, калі фіксавалася каля 60 выпадкаў на дзень. Да канца ліпеня іх колькасць павялічылася да больш чым 200, а ў жніўні дасягнула больш за 400.
Рост захворванняў на Covid-19 таксама адзначаюць і ў Літве.