Трамп: Украіны больш няма
Кандыдат у прэзідэнты ЗША заявіў, што на аднаўленне Украіны не хопіць грошай, нават калі ўвесь свет аб'яднаецца.
26.09.2024 / 10:11
Фота: Rebecca Blackwell / AP
Дональд Трамп падчас выступу на перадвыбарным мерапрыемстве ў Паўночнай Караліне закрануў тэму ваеннага канфлікту Масквы і Кіева, заявіўшы, што пасля амаль трох гадоў ваенных дзеянняў «Украіны больш няма». Вытрымкі з яго прамовы апублікаваныя ў X.
На думку Трампа, Украіна павінна была пайсці на саступкі Расіі за некалькі месяцаў да лютага 2022 года, бо «любая ўгода — найгоршая ўгода — была б лепшая, чым тое, што мы маем цяпер».
«Калі б яны заключылі дрэнную здзелку, было б нашмат лепш. Яны б крыху саступілі, але ўсе б засталіся жывыя, і кожны будынак быў бы пабудаваны, і кожная вежа прастаяла б яшчэ 2000 гадоў», — сказаў ён.
Трамп заявіў, што на аднаўленне ўкраінскіх гарадоў «сыдуць сотні гадоў», а крыху пазней сказаў, што «грошай на яе [Украіны] аднаўленне не хопіць, нават калі ўвесь свет аб'яднаецца».
Паводле яго сцвярджэння, улады праз недахоп салдат выкарыстоўваюць маленькіх дзяцей і старых.
Трамп зноў назваў Уладзіміра Зяленскага, які цяпер знаходзіцца з візітам у Злучаных Штатах, «найлепшым прадаўцом у гісторыі» і раскрытыкаваў дзейныя ўлады ЗША за наданне дапамогі Кіеву.
На думку палітыка, прэзідэнт Джо Байдэн і віцэ-прэзідэнт Камала Харыс, кандыдат у кіраўніка дзяржавы ад дэмакратаў, «падштурхнулі» канфлікт, паабяцаўшы падтрымку Украіне, а не падштурхнуўшы яе да саступак Расіі: «Байдэн і Камала дазволілі гэтаму здарыцца, забяспечыўшы Зяленскага грашыма і боепрыпасамі».
Палітык таксама паскардзіўся на Зяленскага за «дробныя брудныя паклёпніцкія заявы» на ягоны адрас, не ўдакладніўшы, што мае на ўвазе. Зяленскі ў нядаўнім інтэрв'ю The New Yorker выказаў сумнеў у здольнасці Трампа пакласці канец расійска-ўкраінскаму канфлікту, хоць палітык увесь час пра гэта сцвярджае, не прыводзячы дэталяў свайго плана.
Трамп: ЗША павінны выйсці з вайны ва Украіне
У Трампа кажуць, што не планавалі яго сустрэчы з Зяленскім