Карпарацыя ABBYY за адзін дзень звольніла сотні супрацоўнікаў з расійскімі пашпартамі

Сярод іх ёсць і тыя, каго рэлакавалі з Расіі пасля пачатку вайны.

02.10.2024 / 14:11

Офіс кампаніі ABBYY у Маскве. 2016 год. Фота: Wikimedia Commons

1 кастрычніка з’явілася інфармацыя аб масавых звальненнях у IT-карпарацыі ABBYY, найбольш вядомай сваёй праграмай FineReader для распазнавання адсканаванага тэксту.

Кампанія літаральна за гадзіну звольніла ўсіх грамадзян Расіі ў трох офісах: на Кіпры, у Бялградзе і Будапешце. Гэтыя людзі раней былі рэлакаваныя за мяжу для працы ў еўрапейскіх офісах.

Многія з супрацоўнікаў на момант публікацыі знаходзіліся ў стане «garden leave» — гэта практыка, калі супрацоўніка, якога ўжо апавясцілі аб звальненні, адхіляюць ад працы, але ён усё яшчэ фармальна лічыцца супрацоўнікам і атрымлівае зарплату. Некаторым з іх прапанавалі падпісаць mutual agreement — пагадненне аб звальненні па ўласным жаданні з дадатковымі выплатамі, пры гэтым просяць адмовіцца ад любых юрыдычных прэтэнзій да кампаніі.

Асноўнымі ахвярамі скарачэнняў сталі распрацоўшчыкі, тэсціроўшчыкі і менеджары, якія былі рэлакаваныя з Расіі і Беларусі. Па інфармацыі знаёмых з сітуацыяй людзей, пад скарачэнне не патрапілі сербы, венгры і рэлакаваныя ўкраінцы. Не пацярпелі таксама і некаторыя супрацоўнікі з расійскімі пашпартамі, якія не мелі доступу да кода.

Фота: mash / Telegram

На адной з анлайн-сустрэч для супрацоўнікаў з Сербіі прысутнічалі выключна грамадзяне Расіі. На сустрэчы выступілі генеральны дырэктар ABBYY Ульф Персан і дырэктар па прадуктах Патрык Жан, якія падзякавалі супрацоўнікам за працу і заявілі, што «ўсе малайцы, але кампанія павінна рухацца далей». Пасля сустрэчы звольненым супрацоўнікам адключылі доступы да карпаратыўных сістэм, а пагадненні аб звальненні паабяцалі даслаць на іх асабістыя электронныя пошты.

Прычыны звальненняў называліся розныя. Некаторым супрацоўнікам кампанія тлумачыла гэта неабходнасцю адпавядаць правілам бяспекі (compliance and security), іншым паведамілі, што іх праца магла быць лепшай. Некаторыя супрацоўнікі таксама пачулі, што «кампанія не можа працягваць супрацоўніцтва з расійскімі калегамі ў адпаведнасці са сваёй палітыкай».

Згодна з інфармацыяй, атрыманай Forbes, ABBYY плануе перанесці свае IT-распрацоўкі ў Індыю, дзе зарплаты спецыялістаў значна ніжэйшыя за еўрапейскія. Мяркуецца, што кампанія пайшла на гэты крок для зніжэння выдаткаў, бо зарплаты ў індыйскіх спецыялістаў могуць быць у два-тры разы меншымі, чым у іх расійскіх калег.

Паводле ацэнак, пад скарачэнні трапіла ад 200 да 300 супрацоўнікаў па ўсім свеце. Найбуйнейшыя звальненні адбыліся на Кіпры, дзе, па інфармацыі крыніц, амаль увесь R&D-аддзел (даследаванняў і распрацовак) быў расфарміраваны.

Прадстаўнік кампаніі ў інтэрв'ю РБК адзначыў: «Гэтая глабальная трансфармацыя дазваляе нам рэінвеставаць у будучы рост і паскараць інавацыі ў прадуктах і рашэннях для нашых кліентаў».

Крыніцы РБК кажуць, што апошнія паўгода кампанія дэкларавала адкрыццё дадатковых офісаў у Барселоне, Нові-Садзе, Мюнхене, і найм супрацоўнікаў; у карпаратыўных камунікацыях кампанія паведамляла, што ў яе рэкордныя прыбыткі.

***

ABBYY — міжнародная IT-кампанія, якая была заснавана ў 1989 годзе ў Расіі Давідам Янам. Яна найбольш вядомая сваім праграмным прадуктам FineReader, які дазваляе распазнаваць тэкст у адсканаваных дакументах і малюнках, ператвараючы іх у фарматы, прыдатныя для рэдагавання і пошуку.

У 2022 годзе, пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне, ABBYY спыніла продажы, распрацоўкі і аказанне паслуг у Расіі і Беларусі, а юрыдычныя асобы ў гэтых краінах былі ліквідаваны. У кастрычніку таго ж года кампанія абвясціла аб планах перавесці большую частку расійскіх і беларускіх супрацоўнікаў у офісы на Кіпры, у Венгрыі і Сербіі.

Wargaming уклаўся ў куплю 100 кватэр у Літве. І, імаверна, зарабляе на іх продажы і арэндзе

Google заплаціла $2,7 мільярда за генія штучнага інтэлекту. Чым адметны гэты чалавек?

Apple павінна выплаціць Ірландыі 13 млрд еўра

Nashaniva.com