Ці можа час ісці ў адваротным кірунку? Упершыню ў гісторыі даказана, што так

Шматгадовы эксперымент у Канадзе ўпершыню зафіксаваў з'яву «адмоўнага часу», калі эфект ад падзеі папярэднічае самой падзеі. Такое раней лічылася немагчымым.

07.10.2024 / 10:18

Ілюстрацыйная выява феномена «адмоўнага часу» на квантавым узроўні, згенераваная ChatGPT (DALL·E)

Новае даследаванне, апублікаванае навукоўцамі Карнэльскага ўніверсітэта і ўніверсітэта Таронта, утрымлівае ў сабе першыя ў гісторыі факталагічныя назіранні з'явы «адмоўнага часу» (калі эфект ад канкрэтнай падзеі папярэднічае пачатку гэтай падзеі) на квантавым узроўні, зафіксаваныя шляхам спецыяльнага эксперыменту.

Ідэя правесці эксперымент з'явілася яшчэ ў 2017 годзе і ставіла за мэту вывучэнне феномена «ўзбуджэння атама»: калі фатоны, часціцы святла, праходзяць праз пэўнае асяроддзе і паглынаюцца, а электроны, якія кружаць вакол атамаў, пераходзяць на больш высокі энергетычны ўзровень. Калі электроны вяртаюцца ў ранейшы стан, яны вылучаюць паглынутую энергію фатонаў, паддаюць самі часціцы святла яшчэ большаму энергетычнаму выпраменьванню і адпускаюць іх рухацца далей.

Падчас гэтага працэсу «ўзбуджэння атама (асяроддзя)» і пры праходжанні фатонаў праз пэўнае асяроддзе ўзнікае часавая анамалія, прырода якой дагэтуль заставалася няяснай, што і прыцягнула ўвагу навукоўцаў.

Для больш дэталёвага аналізу гэтай анамаліі навукоўцы правялі серыю доследаў, падчас якіх тыя накіроўвалі фатоны праз воблака астуджаных атамаў рубідыю пры тэмпературы, блізкай да абсалютнага нуля. Высветлілася, што пры паглынанні фатонаў тыя маглі перавыпраменьвацца асяроддзем амаль імгненна, задоўга да таго, як атамы рубідыю вярталіся да свайго асноўнага стану. Нібыта фатоны пакідалі атамы рубідыю ў той жа момант, што і заходзілі туды.

Далейшыя эксперыменты пацвердзілі гэтую думку і ўпершыню зафіксавалі, што дыяпазон часавай анамаліі пры «ўзбуджэнні атама» можа ўключаць стан, калі час праходжання асобнага фатона праз асяроддзе аказваецца адмоўным. Гэта з'яўляецца першым факталагічным назіраннем на карысць таго, што час можа ісці ў адваротным кірунку (але гэта назіралася пакуль толькі на квантавым узроўні).

«Адмоўная часовая затрымка падаецца парадаксальнай, але яна азначае наступнае: калі вы, дапусцім, зрабілі «квантавы» гадзіннік для вымярэння часу, за які атамы знаходзяцца ў стане ўзбуджэння, стрэлка на вашым гадзінніку можа, пры пэўных абставінах, перамяшчацца назад, а не ўперад», — пішуць у сваім даследаванні навукоўцы.

Ілюстрацыйная выява эксперыменту з накіроўваннем святла праз воблака астуджаных атамаў рубідыя, згенераваная ChatGPT (DALL·E)

Пры гэтым даследчыкі падкрэслілі, што новае адкрыццё ніяк не парушае наяўныя законы фізікі ці Агульную тэорыю адноснасці. Эксперымент паказаў толькі тое, што фатоны нейкім чынам перамясціліся праз воблака атамаў хутчэй, калі яны павінны былі паглынацца імі, чым калі атамы заставаліся ў нязменным стане (значыць, фатоны могуць паскарацца нават да адмоўных значэнняў часу пры праходжанні праз пэўныя асяроддзі).

Паколькі фатоны не пераносяць ніякай інфармацыі і не могуць рухацца са звышсветлавой хуткасцю, прычынна-выніковая сувязь застаецца нязменнай, тлумачаць навукоўцы.

З'явіўся істотны доказ таго, што Вялікага выбуху ніколі не было

Навукоўцы вырасцілі вымерлае біблейскае дрэва з семені, якое праляжала тысячу гадоў

НАСА ўпершыню паказала, што можа ўбачыць чалавек пры падзенні ў звышмасіўную чорную дзірку ВІДЭА

Nashaniva.com