На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»
«Калі ў чалавека ў тэлефоне няма падпісак — падпісаць. Калі трэба — прынесці сцяг і сфатаграфаваць у кватэры», — цытуе атрыманыя ўказанні суразмоўца «Нашай Нівы».
04.10.2024 / 18:34
У рэгіёнах адбыліся нарады, прысвечаныя прэзідэнцкім выбарам, якія папярэдне прызначаныя на люты 2025 года, паведамілі «Нашай Ніве» крыніцы з двух гарадоў краіны.
Перад сілавікамі пастаўленая задача «прафілактаваць» усіх, хто можа пратэставаць перад выбарамі ці ў час галасавання.
Складзеныя спісы тых, хто падлягае прэвентыўным вобшукам і затрыманням, так званыя «першы і другі спісы». У «першы спіс» уваходзяць усе тыя, хто раней быў асуджаны па адміністрацыйных ці крымінальных артыкулах. У «другі спіс» уваходзяць людзі, якія раней не прыцягваліся да адказнасці па палітычных матывах, але якія лічацца патэнцыйна нелаяльнымі, палітычна актыўнымі.
Прыходы да людзей з першага спісу пачнуцца ўжо ўвосень. Аднак найбольш інтэнсіўныя рэпрэсіі запланаваныя на снежань—студзень — бліжэй да дня галасавання. «Каб ніхто і не піскнуў перад выбарамі», — цытуе прысутны на адной з такіх нарад.
«Калі ў чалавека ў тэлефоне няма падпісак — падпісаць. Калі трэба — прынесці сцяг і сфатаграфаваць у кватэры», — цытуе атрыманыя ўказанні іншы чалавек.
Акрамя таго, перад выбарамі мае адбыцца «адпрацоўка прадпрыемстваў» — гэта значыць, дэманстратыўная праверка тэлефонаў і затрыманні на працоўных месцах. Мяркуючы па нашай інфармацыі, спіс такіх устаноў і заводаў ужо вызначаны.
Задача сілавікоў — каб выбары прайшлі «без найменшых інцыдэнтаў», гэта значыць, каб ніхто нават не спрабаваў вывесіць пратэставыя ўлёткі, запатрабаваць празрыстага падліку галасоў ці публічна выступіць супраць кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі.
Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на nivanasha@proton.me. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года.
Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.
Па словах генеральнага пракурора Андрэя Шведа, толькі да кастрычніка 2023 года было заведзена больш за 16 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару.
Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну.