«Я еў велізарныя сэндвічы з крэветкамі за адным сталом з КДБ». Столтэнберг распавёў, як у 1991 годзе спрабаваў завербаваць савецкага агента
Былы генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг распавёў у інтэрв'ю Financial Times, што ў маладосці рэгулярна сустракаўся з супрацоўнікам КДБ, які працаваў у Нарвегіі, піша Медуза.
05.10.2024 / 09:57
Енс Столтэнберг. Фота: Andreea Alexandru / AP
Столтэнберг кантактаваў з КДБ у Осла ў 1980-х гадах, калі ўзначальваў Лігу рабочай моладзі — моладзевую арганізацыю Рабочай партыі Нарвегіі. «Гэта было вельмі дзіўна. Бацька казаў мне, што адзіныя, з кім трэба размаўляць у расійскай амбасадзе, — гэта хлопцы з КДБ, бо толькі яны маюць нейкі ўплыў», — распавёў Столтэнберг.
«Я ніколі не рабіў нічога такога, за што мне было б сорамна. І ўсё ж яны запрасілі мяне на абед. І я еў велізарныя сэндвічы з крэветкамі за адным і тым жа сталом у адным і тым жа рэстаране ў Осла, прыкладна раз у месяц, з хлопцам па прозвішчы Кірылаў. І ён быў з КДБ. Без сумневу».
Былы генеральны сакратар NATO паведаміў, што ягоны бацька, які быў знаёмы з Віктарам Грушко, агентам КДБ пад дыпламатычным прыкрыццём у Нарвегіі, раіў, каб сын узгадняў кожную такую сустрэчу з нарвежскімі спецслужбамі.
У 1991 годзе Нарвежская контрразведка прыйшла да мяне і сказала: «Не маглі б вы дапамагчы нам пераканаць Кірылава стаць перабежчыкам?» Я ведаў гэтага хлопца 10 гадоў. Падчас апошняга абеду я сказаў: «Я цябе ведаю, Ты мяне ведаеш, калі хочаш саскочыць, звяртайся: Нарвегія — выдатная краіна. Яны пра цябе паклапоцяцца»».
Кірылаў не прыняў прапанову. Пазней Столтэнберг даведаўся з адкрытых архіваў КДБ, што савецкая разведка прысвоіла яму кодавае імя «Сцяклоў».
Нарвежскі тэлеканал NRK паведаміў у 2000 годзе, што агент КДБ Барыс Кірылаў, які працаваў у Нарвегіі пад дыпламатычным прыкрыццём, у 1991 годзе спрабаваў завербаваць Енса Столтэнберга.
Паводле звестак нарвежскіх медыя, Столтэнберг трапіў у поле зроку КДБ у 1989 годзе і яму далі мянушку «Сцяклоў». Асабістай справе Столтэнберга ў КДБ прысвоілі графу САР (справа аператыўнай распрацоўкі»). «Такія дасье звычайна прызначаліся для людзей, якія знаходзіліся на «прасунутай стадыі развіцця» ці ўжо лічыліся адным з «канфідэнцыйных кантактаў» КДБ», — паведамляў NRK.
Пра тое, што Кірылаў спрабаваў завербаваць Столтэнберга, паведаміў уцякач на захад агент КДБ Міхаіл Буткоў, які раскрыў сетку КДБ у Нарвегіі. Пасля выкрывальных заяў Буткова некалькі савецкіх дыпламатаў, у тым ліку Кірылава, выслалі з Нарвегіі за «дзейнасць, не сумяшчальную з дыпламатычным статусам».
Прадстаўніца Службы замежнай разведкі Расіі Таццяна Самоліс у кастрычніку 2000 года адмовілася каментаваць паведамленні пра тое, што КДБ спрабавала завербаваць Столтэнбэрга (у той момант ён узначальваў урад Нарвегіі). «Па традыцыі, якая склалася ў спецслужбах усіх краін, мы не каментуем дачыненне або недатычнасць той ці іншай асобы да свайго ведамства», — казала Самоліс.
Енс Столтэнберг 1 кастрычніка 2024 года пакінуў пасаду генеральнага сакратара NATO, які займаў з 2014 года. Яго змяніў Марк Рутэ — былы прэм'ер-міністр Нідэрландаў.