Вучоныя выявілі залежнасць паміж празмерным спажываннем кавы, сокаў, газіроўкі і інсультам

Згодна з новымі данымі, частае ўжыванне газаваных салодкіх напояў, сокаў і кавы павялічвае рызыку інсульту, у той час як чай зніжае яе.

07.10.2024 / 18:31

Фота: Guido Mieth / Getty Images

Вучоныя з Голуэйскага ірландскага нацыянальнага ўніверсітэта ў супрацоўніцтве з Універсітэтам імя Макмастэра ў Канадзе і міжнароднай сеткай даследчыкаў інсульту правялі два глабальныя даследаванні.

У ходзе першага вывучаўся ўплыў газаваных безалкагольных напояў, сокаў і вады на рызыку інсульту, у ходзе другога — уплыў на гэтае захворванне спажывання чаю і кавы. Пра гэта піша Science Daily.

Вынікі даследаванняў заснаваныя на даных праекта Interstroke, у якім узялі ўдзел амаль 27 тысяч чалавек з 27 краін, сярод іх амаль 13,5 тысячы тых, хто перанёс першы інсульт.

Інсульт узнікае, калі спыняецца забеспячэнне крывёю нейкай часткі мозгу і пашкоджваюцца клеткі галаўнога мозгу. Гэта можа быць або ішэмічны інсульт, які звычайна ўзнікае з-за ўтварэння тромба, або ўнутрымазгавое кровазліццё.

Вынікі першага даследавання, апублікаваныя ў Journal of Stroke, паказалі, што рэгулярнае ўжыванне газаваных напояў, якія змяшчаюць цукар або яго замяняльнікі, прыводзіць да павышэння імавернасці інсульту на 22%. Рызыка інсульту рэзка ўзрастала пры ўжыванні двух ці больш напояў у дзень.

Ужыванне сокаў, вырабленых з канцэнтратаў з дадаткам цукру і кансервантаў, прыводзіць да рызыкі павелічэння ўнутрымазгавога кровазліцця на 37%.

У той жа час было выяўлена, што ўжыванне больш чым сямі кубкаў вады за дзень памяншае рызыку ўзнікнення захворвання.

Вынікі другога даследавання, апублікаваныя ў International Journal of Stroke, паказалі,

што рызыка інсульту павялічваецца на 37%, калі чалавек выпівае больш за чатыры кубкі кавы ў дзень. А вось чай зніжае рызыку на 18—20%. Калі ж выпіваць 3-4 кубкі чорнага чаю ў дзень, то рызыка інсульту меншае на 29%, а такая ж колькасць выпітага зялёнага чаю — на 27%.

Вучоныя звяртаюць увагу, што дадаванне малака ў чай можа паменшыць ці заблакаваць карыснае дзеянне антыаксідантаў гэтага напою і супрацьдзейнічаць яго эфекту прадухілення інсульту.

Ці можна піць безалкагольнае піва штодзень і колькі

Гэты напой падтрымае імунітэт і дапаможа заснуць

Навукоўцы знайшлі спосаб прадказаць інсульт за 10 гадоў да таго, як ён здарыцца

Колькі разоў на дзень трэба есці і як шмат вады піць? Адказ вас можа здзівіць

Nashaniva.com