Усевалад Сцебурака. Спачатку ты кінеш збіраць каштаны. Верш

Усевалад Сцебурака апублікаваў у сваім фэйсбуку новы верш.

07.10.2024 / 09:52

Спачатку ты кінеш зьбіраць каштаны,
а потым – і лётаць у сьне.
Памалу чароўны туман растане,
і сьвет незваротна звычайным стане,
няўлоўнае штосьці міне.

Закруціць віхура падзеяў і справаў - 
вядома, ты звыкнешся з тым.
І мройныя моры, дзе некалі плаваў,
распусьцяцца ўрэшце, як дым.

і пройдзе жыцьцё…
толькі кожную восень,
як ліст упадзе на ваду,
ты будзеш чакаць, 
калі дзікія гусі
паклічуць цябе ў чараду…

Nashaniva.com