Як выглядае самы ўзорны пад'езд у Мінску

Гэта зусім не новабудоўля, а стары дом.

07.10.2024 / 13:36

У сталіцы прайшоў агляд-конкурс аб'ектаў ЖКГ. Вызначылі і ўзорны пад'езд. Ён знаходзіцца ў доме №141 на праспекце Ракасоўскага. Журналісты Мінск-Навінаў зазірнулі туды.

Гэты дзевяціпавярховік знаходзіцца недалёка ад кінатэатра «Салют». Дом — зусім не новабудоўля. Такіх у Мінску сотні — узводзіліся яны яшчэ ў савецкія часы. Але першы пад'езд будынка сапраўды незвычайны.

Сцены ўпрыгожваюць шасцікантовікі розных формаў і колераў. У цэлым рамонт выкананы ў шэра-бэзавых фарбах. Столі — белыя. У пад'ездзе з'явіліся новыя паштовыя скрыні і радыятары. Усталявалі і святлодыёдныя свяцільні з датчыкамі.

Падлога, праўда, замененая толькі на пляцоўцы ля ліфта на першым паверсе — яе выклалі пліткай з керамаграніту.

У 2023-м у доме зрабілі капрамонт. А сёлета вырашылі абкультурыць пад'езд. Нагадаем, па заканадаўстве абнаўленне месцаў супольнага карыстання цалкам аплачваюць жыхары. Тут вырашылі не шкадаваць.

На сходзе ўласнікаў вырашылі, якім хочуць бачыць пад'езд. Прыкладам сталі сцены ў адным з дамоў на вуліцы Пляханава. Уласна, на Ракасоўскага рамонт рабіла тая ж прыватная арганізацыя, што і ў суседзяў.

Кошт пытання — Br14 тыс. Суму размеркавалі паміж кватэрамі сувымерна іх плошчы. Жыхарам далі растэрміноўку па аплаце на тры месяцы.

Nashaniva.com